Прыйсці на размеркаванне з іракезам, каб трапіць на завод-«развалюху»


Басіст Re1ikt Зміцер Наркевіч паспеў папрацаваць і ў «Графіці», і адміністратарам гурта, у якім зараз грае на бас-гітары. Вечарамі Зміцер з гуртом часта выступае ў Менску ды іншых гарадах Беларусі, а ў 07:10 штодня мусіць быць на прахадной завода-прывіда савецкай эпохі.

На размеркаванне музыка з першага беларускамоўнага пост-мэтал гурта прыйшоў з іракезам і сам абраў адзін з самых захудалых заводаў.

«Калі было размеркаванне, усе нешта мітусіліся, свае заяўкі прыносілі. А я абраў завод, каб было зручна дабірацца і не было камандзіровак. У мяне галоўны прыярытэт — гэта гурт, а не кар'ера на прадпрыемстве. Перад дзвярыма запытаўся ў аднакурснікаў: "Туды хто-небудзь ідзе?" — "Не." Ну я зайшоў да камісіі, у мяне тады былі вусы і іракез. Я заходжу, а яны на мяне глядзяць такімі вялікімі вачыма і пытаюцца, што я абраў. Я ім сказаў, яны мне: "А ты там хоць быў?" Кажу: "Не".— "Ну добра, распісвайся".»

Зміцер Наркевіч скончыў БНТУ, ніколі асабліва не вылучаўся выдатнымі адзнакамі, давялося нават адлічыцца дзеля музыкі, а потым аднавіцца і ўсё ж такі здаць дыплом, які ён так і не здолеў перачытаць перад абаронай.

 «На парах весела праводзілі час. На трэцім курсе, калі пачаў працаваць у «Графіці», перастала хапаць часу на вучобу. На пятым курсе амаль не пісаў дыплом і адлічыўся. Год пажыў іншым жыццём, пасля па просьбе бацькоў аднавіўся. Калі аднаўляўся, столькі паперак трэба было ўзяць. Прыходжу ў адзін кабінет, мяне дасылаюць у другі, у другім дасылаюць у трэці. Стамляюся, плюю на ўсё і іду да дадому. На наступны дзень ізноў еду ва ўнівер ізноў хадзіць па кабінетах. У рэшце рэшт аднавіўся. Re1ikt мусіў хутка ехаць на фэст у Польшчу, і ў ноч перад абаронай дыплома я сядзеў візавыя анкеты за ўсіх запаўняў, а дыплом так і не прачытаў. Толькі настрой мне псаваў усім сваім відам. Абарона адбылася па класічнай схеме з 5 хвілінамі сораму. На ўручэнні дыпломаў мяне не было —  яно акурат супала з фэстам».

Цяпер Зміцер працуе інжынерам-наладчыкам станкоў на адным з менскіх заводаў, пабудаваных у далёкім савецкім мінулым.

 «Завод пражывае не лепшы свой час. Амаль усё старое, шмат тэхнікі кансэрвуецца ці спісваецца. Разам з калегамі з электралабараторыі ходзім рамантаваць зламаныя станкі —  электроніку ў сістэмах кіравання электрапрывадам. Дарэчы, з калектывам і кіраўніцтвам пашчасціла — разумныя і адукаваныя людзі. Часам даводзіцца нармальна выпацкацца. Калі ўсё працуе (а добрыя электрыкі паломкі выпраўляюць хутка), то займаюся звычайна справамі гурта ці вывучаю тэхнічную дакумэнтацыю».

«Ужо нагледзеўся на плякаты і налепкі з голымі жанчынамі, зоркамі эстрады і хэві-мэтал сцэны, якія вісяць у майстэрнях і цахах. Класіка ж! Сустракаў абразы на станку. П'яных не бачыў, але чуткі пра іх ходзяць. Аднойчы ў суседнім будынку нейкі працоўны насраў за бочкамі ў калідоры, але быў злоўлены на месцы злачынства. На жаль, працягу гісторыі не ведаю».

Гурт Re1ikt існуе больш за 10 гадоў, спачатку гурт спяваў збольшага па-расейску. Цяпер беларускамоўны Re1ikt уваходзіць у шэраг самых вядомых рок-гуртоў Беларусі.


«Я даваў на заводзе хлопцам-электрыкам нават нашую музыку слухаць, кажуць добрая. Ужо на канцэрты прыходзілі. Калі ўладкоўваўся, адразу сказаў, што музыкай займаюся і тут заставацца не планую. І ўсе гэта нармальна ўспрынялі. Галоўнае для мяне — гэтыя два гады "адсядзець", як і для большасці размеркаванцаў. Тым больш, што тут як раз тыя ўмовы, якія мне былі патрэбныя». 

Фота: Юля Fox


Наста Darteco 11:13, 28.11.2012 | Пакаленне Y |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1975 seconds.