Ян Бусел. Прачынацца, калі хочаш, і ісьці, куды хочаш

Ян Бусел

Ян Бусел шмат гадоў асацыяваўся з клюбам Графіці. Напачатку як арт-дырэктар, а пазьней і як адзін з уладальнікаў клюбу ён наладзіў бязьмежную колькасьць канцэртаў і вечарынаў. Але раптам год таму Ян сышоў з Графіці ў працяглы творчы адпачынак, каб спыніцца, азірнуцца і задумаць нешта зусім новае. Ян Бусел — новы герой сэрыі размоваў Generation.by «Кім я стану, калі вырасту» — распавядае пра сяброў, суседзяў і сьвет вакол, які глядзіць на цябе як на няўдачніка.

У першым раддоме

Нарадзіўся ў Менску, у першым раддоме. Цікава цяпер назіраць, як праз 28 гадоў адтуль выносяць дзетак мае сябры.

Бацькі — інжынэры з БНТУ. Пасьля развалу Саўка бацька адчыніў каапэратыў і надалей працаваў толькі на сябе.

У 15 год я пайшоў працаваць у СТА. На вакацыях, пакуль усе адпачывалі, мне ўсё лета трэба было да 7 раніцы ехаць на працу за горад, за Баравую. Без выходных, да 10-ці вечара.

А насамрэч я хацеў рабіць рэклямныя ролікі. Здымаў на бацькоўскую камэру цэлыя мультфільмы з Лега. У старэйшых клясах усім знаёмым здымаў вясельлі за 40$ — у два разы таньней за рынкавы кошт. Сядзеў потым з двума відзікамі, мантажаваў.

Чатыры гады я жыў у 100 мэтрах ад Графіці пасьля таго, як месца адчынілася. Ведаў, што яно ёсьць, што там музыканты зьбіраюцца, але заўсёды праходзіў міма. Зайшоў унутр толькі ў 2003-м.

БНЯ

У школе я быў актыўным хлопчыкам, але не сказаў бы, што быў хуліганістым ці нешта такое. У мяне зь лепшым сябрам была нават свая партыя. Назвалі яе «БНЯ». А потым прыдумалі ўжо расшыфроўку «Беларускае Народнае Яднаньне». Распаўсюджвалі анкеты. Пакуль настаўнікі не даведаліся пра нас.

У ліцэі БНТУ ставілі матэматыку па дзьве пары ў суботу, а ў пятніцу была дыскатэка. Я заўсёды абіраў дыскатэку, вельмі рэдка ўпускаў такую магчымасьць. Паступаць у БНТУ ўжо не зьбіраўся, таму галоўнае было — давучыцца ў гэтым ліцэі.

Ехаў, каб застацца

У 20 гадоў я паехаў у ЗША па студэнцкай працоўнай праграме. Ехаў, каб застацца.

Але вырашыў вярнуцца, каб скончыць унівэр. Грошаў ніякіх не прывёз сюды, а ўсё заробленае там і патраціў — на вандроўку па 15-ці штатах на аўто.

Калі ёсьць грошы, лепей іх патраціць на вандроўкі

Калі ў 90-х зьявіліся прыбыткі зь бізнэсу бацькі, суседзі казалі нам: чаму вы езьдзіце на старых Жыгулях? Але мае бацькі заўсёды адказвалі: калі ёсьць грошы, лепей іх патраціць на вандроўкі, чым зьмяніць машыну.

Калі падлетак бачыць, як жывуць людзі далёка — гэта назаўсёды зьмяняе сьветапогляд.

На трыццацігодзьдзе хачу зьняць яхту ў Грэцыі разам зь сябрамі і плыць да Гішпаніі. Падлічыў, што для кампаніі на чалавек 10 гэта выйдзе прыблізна тое самае, калі б кожны купіў сабе пуцёўку ў Гішпанію на два тыдні.

Калі ў нас столькі эканамістаў, чаму ж тады ўсё так хрэнова

Таму, чым я цяпер займаюся, у Беларусі навучыцца нармальна немагчыма. У Кульку ёсьць спэцыяльнасьць «Арганізатар культмасавых мерапрыемстваў», але вынікі такога навучаньня можна пабачыць на любым сьвяце гораду.

Дзеткі андэграўнда выходзяць з падвалаў і вучацца ўсяму самі. Першыя канцэрты невялікія, потым — болей.

Колькі гэтых эканамістаў наргас выпускае. Але калі ў нас столькі эканамістаў, чаму ж тады ўсё так хрэнова? Для галачкі. Тыпу, ёсьць вышэйшая адукацыя — і ўсё ў цябе будзе добра.

Усе хацелі б зарабляць музыкай

Большасьць знаёмых працуе там, куды ляжыць душа. Але бывае, што грошы зарабляць трэба, і ідуць у фірму займацца прадажамі, а пры гэтым мрояць пра сваю гуказапісвальную студыю.

Як тыя ж музыканты: усе хацелі б зарабляць музыкай, але не ва ўсіх гэта атрымліваецца

Болей герояў ня памятаю

У кампаніі маіх бацькоў былі сваякі Васіля Быкава. Слухаў пра тое, чым ён жыў у той час і як. Гэта кранала мяне. Моцны чалавек духам. Болей герояў ня памятаю.

Простае дваравое

У школе я рэп слухаў, хадзіў у шырокіх нагавіцах і майцы да кален. Душа зусім не ляжала да року і, тым больш, да джазу. Усё было простае дваравое: футбол, рэп. Галоўнае супрацьстаяньне было з валасатымі, мы былі супраць мэталістаў, панкаў.

Цяпер новую хвалю гуфаў-шмафаў я ня слухаю, зусім гэта не цікава. Цікавей пераслухаць нешта з таго, што прайшло міма мяне ў дзяцінстве: клясычны хардрок, напрыклад.

Штосьці тут ня так

Часьцей за ўсё, калі называеш сябе цынікам, ты ставіш абарону ад пранікненьня ў свой унутраны сьвет. Часта людзі паводзяць сябе вонкава цынічна, хоць на самой справе зьяўляюцца вельмі спачувальнымі ўсяму і глыбока душэўнымі.

Я часам магу ацэньваць нешта з цынічным падыходам. Напрыклад, я зусім ня веру тэлебачаньню: ад Малахава да праграмы «Что? Где? Когда?» — усё зрэжысаванае. Ніхто так проста вам нічога ня дасьць. І ставіцца да гэтага наіўна мне падаецца недарэчным. А цынізм у дачыненьні дапамогі людзям, у тым ліку нават зусім незнаёмых, для мяне непрымальны.

Дзе ж вы былі, хаваліся ў Беларусі?

Тры гады чувакам праплачваюць альбомы, добрыя запісы, а дзе вынік, дзе стадыёны?

Самыя вялікія пэрспэктывы ў людзей, якія сьпяваюць тут на рускай мове. Гэта fuckt. Сьпяваючы па-ангельску, ты абмяжоўваеш сваю аўдыторыю ў 1% тут. Па-беларуску? Скажуць: ты змагар. У нас жа не прынята беларускую лічыць сваім гонарам. Не размаўляе ж грамадзтва на ёй, на жаль. Таму застаецца толькі руская мова.

Засьпявай на рускай, зьбяры к/з «Мінск», атрымай аўдыторыю, а потым сьпявай хоць на турэцкай.

Доўбяцца галавой аб сьцену і чакаюць, што ім скажуць: «Рабяты, мы ў гэтай Эўропе без вас дагэтуль не маглі жыць. Дзе ж вы былі, хаваліся ў Беларусі?»

Зараз ужо ня мары, зараз пляны

У гэтым узросьце ня столькі марыш, колькі плянуеш. Ставіш сабе мэту. Розьніца ў тым, што ў дзяцінстве ты марыў, але ня ведаў, як гэтага дамагчыся. Марыў аб матацыкле, але дзе ўзяць на яго грошы? Пайсьці працаваць? Гэта ж колькі трэба працаваць школьніку. А калі ўжо вырас, чагосьці дасягнуў, то ўжо ведаеш, калі ставіш мэту, як яе дасягнуць праз год, месяц, або дзесяцігодзьдзе.

Усё жыцьцё мы расьцем. Падлеткам, прынамсі, я сябе ўжо даўно не адчуваю, толькі можа выглядаю :)

Я ніколі ня думаў пра тое, кім бы я хацеў стаць. Заўсёды думаў пра тое, якога жыцьця я хачу дасягнуць. І калі я зараз, вось менавіта зараз магу дазволіць сабе займацца тым, чым хачу, то, значыць, я дасягнуў чагосьці. Я заўсёды хацеў працаваць сам на сябе. І цяпер займаюся, чым хачу, і не займаюся, чым не хачу.

Прачынацца, калі хочаш, і ісьці, куды хочаш. Мара ажыцьцявілася ў гэтым сэнсе.

Два дні каленкамі адчуваеш, якой была вялікай рызыка

Хтосьці шчыра зайздросьціць, думае, што гэта ўсё забаўкі вечныя, што гэта ўсё лёгка, проста і весела. Мала хто разумее пра адказнасьць, рызыку, на якую ня кожны асьмеліцца пайсьці. Думаюць, толькі камунікуеш, сьмяесься, слухаеш музыку, а пра тое, якая работа за гэтым стаіць у офісе, мала хто заўважае.

Такая ж работа як і ва ўсіх, складаная, толькі больш непрадказальная і з большай колькасьцю форсмажораў. Да большасьці прызвычайваесься, але часам здараецца, што і два дні каленкамі адчуваеш, якой была вялікай рызыка.

Каб прачнуцца — і нічога сёньня ня трэба было рабіць

Са сваёй сфэры нікуды сыходзіць ня буду і рыхтую цяпер нешта новае, але канцэрты на чужых пляцоўках мяне дакладна не цікавяць. Я ў нейкі момант зразумеў, што зрабіў у «Графіці» ўсё, што хацеў, і далейшае разьвіцьцё там было для мяне немагчымым. Амаль сем год ня меў нармальнага адпачынку, каб прачнуцца — і нічога сёньня ня трэба было рабіць. А гэты год адпачываў і назапашваў ідэі.

Добрыя ідэі прыходзяць з пахмельлем

Часьцей за ўсё добрыя ідэі прыходзяць з пахмельлем, але паколькі яно бывае ня так часта, даводзіцца крэатывіць у пробках. Стаіш, глядзіш у адну кропку, у машыну, якая рухаецца перад табой.

За кампом ніколі ў галаву нічога новага не прыходзіць, бо заўсёды адцягваесься на чужыя думкі.

Бяру канкрэтных людзей і захоўваю спасылкі на іх у асобную тэчку.

Быў час, калi здапамогай аднаго свайго ЖЖ я раней рабіў вечарынкі. Адзін пост — і поўная заля. А цяпер болей альтэрнатываў. Больш цiкавых.

Пад шум трамвая засынаецца лепей за ўсё

Як любы савецкі дзіцёнак, я праводзіў лета звычайна на лецішчы. Але мне гэта не падабалася.

Цяпер усе бягуць з гораду, я наадварот атрымліваю болей задавальненьня гледзячы на людзей і іх шум.

Я вырас на ціхім завулку: птушкі сьпяваюць, за вакном дарогі няма. А зараз сьвядома жыву ў кватэры каля Камароўкі, каб прачынацца пад шум транспарту. Ад гэтага кайфую. Зганяць паслухаць птушак на лецішча клёва, але ня болей, чым на пару дзён. Я абсалютна гарадзкі чалавек і скрайне рэдка сустракаю такіх жа людзей, якія болей сілкуюцца энэргетыкай гораду, чым энэргетыкай леса.

Аднойчы сказаў, што буду ствараць свой побыт сам

Для бацькоў мой ад'езд ад іх быў нечаканым, таму, што гэта было не ад таго, што зьбіраўся жыць зь дзяўчынай. А проста аднойчы сказаў, што буду ствараць свой побыт сам. Многія мяне не разумелі: чаго ж здымаць кватэру ў Менску, калі ёсьць, дзе жыць.

Ня ў матрыцы

Ня бачу сэнсу разважаць пра тое, што, калі да 30-ці ў цябе няма двух дзяцей, стабільнай работы і жонкі, то ты ня ў матрыцы. Гэта тое самае, калі б усе ў юнацтве адначасова даросьлелі. Так не бывае.

У мяне большасьць сяброў, нават тыя, хто старэйшыя за мяне, жывуць нібы ім 20 гадоў: канцэрты, тусоўкі, музыка і ніякіх думак пра заўтра.

Усе дагэтуль лётаюць у аблоках. Рамантыкі. І гэта тычыцца і сябровак таксама.

Адзін далёкі знаёмы зь ліцэя хутка стаў топ-чыноўнікам у БРСМ, цяпер ужо дэпутат Мінгарсавета. Дык ён ужо ў 11 клясе пачаў валасы зачэсваць назад.

У бацькоўскім доме ў ліфце бывае сустракаю суседзяў — сяброў дзяцінства па двару. Заходзіш у ліфт у кедах такі просты, а ён з дыпляматам, гальштукам. Глядзіш — твой аднагодка ж, а выглядае на 40. А ён глядзіць на цябе як на няўдачніка.


Юра Сідун 13:52, 18.05.2012 | Кім я стану, калі вырасту |


Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0683 seconds.