Ва ўнівэрсытэт возьмуць і з 7 баламі

Каб стаць студэнтам беларускага ВНУ, дастаткова набраць на цэнтралізаваным тэставаньні ня меней за 7 балаў. Раней мінімальнага парогу не было. Мінімальны бал па ЦТ зьявіўся як спроба Мінадукацыі зрабіць больш жорсткімі правілы паступленьня ў ВНУ.

У Беларусі для удзелу ў конкурсе пры паступленьні ў ВНУ трэба набраць на цэнтралізаваным тэставаньні ня менш як 7 балаў за тэст. Аб гэтым паведамляе БелТА.

Калі абітурыент набярэ ад 1 да 6 балаў, то яго вынік будзе лічыцца непраходным (нездавальняючымі) для прыёмнай камісіі ВНУ і дакумэнты на паступленьне ў яго папросту не прымуць.

«Але пры гэтым хлопцы і дзяўчаты, якія атрымалі за тэст на цэнтралізаваным тэставаньні 6 і ніжэй балаў, змогуць скарыстацца магчымасьцю паступіць у сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы», — кажуць у Мінадукацыі.

Тыя ж абітурыенты, што атрымаюць на ЦТ 0 балаў, сэртыфікатаў па ЦТ не атрымаюць увогуле.

Мінімальны прахадны бал па ЦТ — адзін зь нешматлікіх рэалізаваных пунктаў рэформы вышэйшай адукацыі, якую паспрабаваў правесьці новы міністар адукацыі Сяргей Маскевіч. Аднак рэформа працэдуры залічэньня ва ўнівэрсытэты правалілася: мінадукацыі абмежавалася ўсталяваньнем мінімальнага балу па тэстах.

«У нас цяпер няма неабходнасьці ствараць асабліва прывабныя ўмовы для паступленьня ў ВНУ», — заявіў Маскевіч, камэнтуючы ўсталяваньне новай прахадной мяжы на ЦТ.

Галоўная прычына адлічэньняў з ВНУ, як лічаць чыноўнікі, — нізкі ўзровень ведаў першакурсьнікаў. Змагацца з гэтым імкнуцца якраз ўсталяваньнем прахадных балаў па ЦТ. Аднак «жорсткімі» новыя ўмовы назваць нельга: калі Мінадукацыі дазваляе паступаць ва ўнівэрсытэты ўсім з баламі 7 і вышэй са 100, няхай і на платнае, то гэта дэманструе чаканы ўзровень ведаў абітурыентаў.

Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставаньне праводзіцца з 2 мая па 1 чэрвеня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4595 seconds.