Юрый Гурскі: «Калі сёння стартапер прыйдзе з рускім праектам, ён можа атрымаць не грошы, а ў морду»

Тры дні на спецыялізаванай канферэнцыі ў Менску вывучалі і раскрывалі сакрэты паспяховага інавацыйнага бізнесу ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Па словах беларускіх экспертаў, поспех у гэтай галіне пачынаецца з лічбы 250-300$ тысяч прыбытку штомесяц. І ў Менску цяпер працуюць пяць-шэсць падобных кампаній, якія прадаюць мабільныя дадаткі на глабальны рынак.

У Беларусі завяршыўся традыцыйны Тыдзень прадпрымальніцтва, які ладзіцца як частка вялікага міжнароднага праекту з насычаным шэрагам канферэнцый і адукацыйных сустрэч у розных кропках гораду. У фінале тыдня ў Imaguru прайшла вялікая канферэнцыя, прысвечаная Стартап-руху.

Беларускі інавацыйны бізнес, што заснаваны на свежых ідэях і новых тэхналогіях, разглядае нашу краіну ў глабальным кантэксце. Паспяховыя праекты, якія стартавалі ў Беларусі, зарабляюць цяпер на аўдыторыі з усяго свету. Ад таго асноўнай працоўнай мовай для GEW Belarus Startup Conference была ангельская, а выступоўцы прыехалі з усяго свету.


На канцерэнцыі ў якасці бізнес-анёла (інвестара) прысутнічаў Ігар Маханёк, добра вядомы як беларускі інжынер кампаніі Google

Заяўленым фокусам усіх майстар-класаў і дыскусій былі маркетынг і рынкі. Індустрыя інфармацыйных тэхналогій глабальная і няўтульна сябе пачувае на маленькіх рынках:

«Мы не гаворым пра лакальныя праблемы Беларусі, а разглядаем нашу краіну ў кантэксце глабальнага развіцця стартап-руху, а значыць, факусуемся на сусветных трэндах і магчымасцях рэгіёну для беларускіх стартапаў». 


Юрый Гурскі (злева) і Юрый Мельнічак (справа) 

Зоркамі асноўнага другога дня канферэнцыі сталі стваральнік MAPS.ME Юрый Мельнічак і ментар Юрый Гурскі, які дапамог нядаўна гэтаму сусветна вядомаму беларускаму сэрвісу офлайн-мапаў удала прадацца вялікаму пакупніку за добрыя грошы.

Юрый Мельнічак з шчырай усмешкай вытрымаў плынь пытанняў аўдыторыі ды чакана не выдаў галоўную загадку галіны апошніх дзён: за колькі ж мільёнаў быў прададзены MAPS.ME расійскай кампаніі Mail.Ru Group. Юрый Гурскі выдаваў вясёлыя вострыя каменты ды парады для стартапераў. Тое, што ў Беларусі няма рынку для вытворцаў мабільных дадаткаў, не было адкрыццём для нікога, але і на расійскі рынак інвестары, па словах Гурскага, пасля падзей апошняга часу глядзяць скептычна:

«Калі сёння стартапер прыйдзе [да інфестара ў РФ] з рускім праектам [абмежаваным аўдыторыяй Расіі], ён можа атрымаць не грошы, а ў морду. А год назад там гаварылі: «Навошта нам Захад, мы робім грошы ў Расіі».


Юрый Гурскі і амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнэл

Юрый Гурскі атрымаў некалі першы свой вялікі поспех як сузаснавальнік кампаніі Viaden Media, а цяпер працягвае працаваць з новымі праектамі, прыдуманымі ў Беларусі. На GEW Belarus Startup Conference Гурскі атрымаў з рук брытанскага амбасадара ў Беларусі і дарадцы беларускага міністра эканомікі ўзнагароду «Ментар году».

На заканчэнні дня ў Imaguru, дзе адбывалася канферэнцыя, прайшоў BEL.BIZ Battle, у якім больш за дзясятак камандаў змагаліся ў прэзентацыі сваіх стартапаў журы, за права паехаць на навучальны візіт у Крамянёвую даліну ў траўні 2015 года. Тэматыка большасці праектаў была далёкай і ад беларускага і ад іншых лакальных рынкаў.

Перамогу ўзялі хлопцы з Splitmetrics.com, якія распрацоўваюць ідэю A/B- тэставання іконак для мабільных дадаткаў.

Таксама: Фотарэпартаж з GEW Belarus Startup Conference



comments powered by Disqus
 
In 0.0451 seconds.