Беларуская рэвалюцыя ў сацыяльных сетках была спыненая «новымі тэхналёгіямі»

Кіраўнік Беларусі заявіў, што «дэстабілізаваць краіну празь інтэрнэт» у мінулым годзе не атрымалася, бо ўлады выкарысталі невядомыя «новыя тэхналёгіі».

У час прамовы перад парлямэнтам Лукашэнка прыгадаў мінулагоднія пратэсты ў краінах Арабскага сьвету і параўнаў іх з выступленьнямі ў Беларусі ў чэрвені 2011 году.

Паводле словаў кіраўніка дзяржавы, рэвалюцыі празь сацыяльныя сеткі атрымаліся ў Арабскім сьвеце і «часткова» ў Расеі і Казахстане, бо там ня ведалі, як змагацца зь імі правільна. Беларускія ж улады валодаюць неназванымі «новымі тэхналёгіямі», якія не далі «дэстабілізаваць краіну празь інтэрнэт»:

«Мы далі годны адказ спробам дэстабілізаваць краіну празь інтэрнэт, так званай рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі, выкарыстоўваючыя новыя тэхналёгіі. Так будзе і надалей».

«Мы нічога не блякавалі, не перакрывалі», — дадаў Лукашэнка. Між тым вядома, што самая папулярная ў Беларусі сацыяльная сетка цягам летніх месяцаў некалькі разоў аказвалася недаступнай на працяглы час.

«Дзіўна, што Беларусь пастаянна ўносяць у розныя вар’яцкія сьпісы ворагаў інтэрнэту. Мы занепакоеныя тым самым, чым і на Захадзе: хакерамі і іншым», — дадаў кіраўнік дзяржавы, верагодна маючы на ўвазе штогадовы даклад міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры бязь межаў», у якім Беларусь разам з такімі краінамі, як Бірма, Турцыя, Кітай, Пакістан, Віетнам і Расея, фігуруе як вораг Інтэрнэту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0703 seconds.