Жаночы інстытут «Энвіла» ўсё ж зачыняць

Прыватны інстытут «Энвіла» зачыняецца пасьля 18 гадоў працы. Рэктарка кажа аб эканамічных праблемах. Між тым пагроза закрыцьця над жаночым інстытутам вісела яшчэ зь вясны, калі высьветлілася, што адна зь фігурантак справы аб тэракце 11 красавіка вучылася ў «Энвіле».


Жаночы інстытут ЭНВІЛА. Фота з афіцыйнага сайту

Заснавальнікі прыватнай установы адукацыі «Жаночы інстытут «Энвіла» прынялі рашэньне не праводзіць прыём першакурсьніц падчас уступнай кампаніі 2012 года, паведамляе БелТА. Выпускніцы давучацца яшчэ адзін год, а студэнтак малодшых курсаў разьмяркуюць па профільных факультэтах іншых беларускіх ВНУ.

У інстытуце былі адкрытыя тры спэцыяльнасьці: «сучасныя замежныя мовы», «бізнэс-адміністраваньне» і «псыхалёгія». Студэнтак, што не давучыліся па ім, перавядуць у БДУ і БДПУ.

Рэктарка «Энвілы» дацэнт Ларыса Чарапанава заявіла «Інтэрфаксу», што інстытут «эканамічна нерэнтабэльны». Пры гэтым яна адзначыла, што ў мінулым годзе ВНУ ня выканала плян набору.

Ніякай інфармацыі аб закрыцьці інстытуту на яго афіцыйным сайце няма. Затое разьдзел «абітурыентам» распавядае пра ўмовы ўступнай кампаніі. Праўда, мінулагодняй.

Першая ахвяра новых патрабаваньняў набору ці апошняя ахвяра тэракту?

Некалькі дзён таму міністар адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў, што сёлета ў прыватных ВНУ «будуць прыкметныя праблемы», бо «першакурсьнікаў будзе менш, чым у мінулым» годзе. Раней Мінадукацыі заявіла, што зьбіраецца прымусіць прыватныя інстытуты моцна скарачаць наборы на завочныя аддзяленьні. А менавіта на завочным вучацца большая частка студэнтаў такіх ВНУ.

Акрамя гэтага, закрыцьцё «Энвілы» можа быць зьвязанае зь менскім тэрактам у красавіку мінулага году.

Раней СМІ паведамлялі, што адна зь фігурантак справы аб тэракце 11 красавіка вучылася ў дадзеным інстытуце і сустракалася зь меркаваным выканаўцам выбуху. Аб тым, што варта «разабрацца» з прыватнымі ВНУ, казаў і Лукашэнка:

«Трэба паглядзець, што там за прыватныя ВНУ. Адна студэнтка з гэтага тэракту з прыватнага ВНУ. Ня можа быць, што ў нашых прыватных ВНУ рыхтуюць такіх людзей. Трэба тэрмінова разабрацца», — сказаў у час звароту да парлямэнту Лукашэнка.

Упершыню паведмленьні аб ліквідацыі «Энвілы» зьявіліся прыкладна год таму. Празь некалькі тыдняў пасьля заяваў Лукашэнкі. Аднак тады першы жаночы інстытут застаўся на плыву, хоць і ня зь лепшымі іміджавымі наступствамі: ня дзіўна, што пасьля паведамленьняў аб закрыцьці плян набору выканаць не атрымалася.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.