Менскія ўлады страшаць студэнтаў-палільшчыкаў беспрацоўем

Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Карпенка раіць студэнтам устрымацца ад паленьня. Інакш у будучыні ў іх могуць узьнікнуць праблемы з карпаратыўнай культурай.

«Упэўнены, праявіць сілу волі і не дакранацца да цыгарэты падчас навучальнага працэсу могуць усе», — заявіў намесьнік мэра Карпенка на сустрэчы са студэнтамі і пэдагогамі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, піша «Мінскі кур'ер».

Антытытунёвая рэкляма з падтэкстам выклікала скандал у Францыі
Антытытунёвая рэкляма у Францыі

Аргумэнты ў чыноўніка даволі простыя:

«Любы студэнт у свой час стане спэцыялістам, які шукае працу, а значыць, сустрэнецца з такім паняцьцем, як карпаратыўная культура. І калі карпаратыўныя правілы паленьне забараняюць, уладкавацца да наймальніка ён сапраўды ня зможа. Навошта ж пазбаўляць сябе добрай працы дзеля дрэннай звычкі?» — пытаецца Карпенка.

З-за паленьня студэнтаў у Паўночнай Карэі выключаюць з унівэрсытэтаў. У Беларусі зь нядаўняга часу таксама можна «выляцець» з ВНУ за цыгарэту, якую выпаліў на ганку ўнівэрсытэту.

Усе ўстановы адукацыі ў нас абвешчаныя зонай па-за паленьнем, таму калі студэнт, напрыклад, двойчы трапіцца за гэтым заняткам на тэрыторыі ВНУ, яму будзе таксама пагражаць выключэньне. А цяпер, гледзячы па заявах чыноўнікаў, і праблемы з пошукам працы.

Паводле дзяржаўнага сацыялягічнага дасьледаваньня 2010 году, у Беларусі паліць кожны другі хлопец і кожная пятая дзяўчына ад 18 да 29 гадоў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0571 seconds.