Маскевіч: «Вывучаць у ВНУ замежную мову — гэта несур’ёзна»

З наступнага году беларускія школьнікі будуць здаваць абавязковы вусны іспыт па замежнай мове пасьля 11 клясы. З гэтай нагоды міністар адукацыі заявіў, што настаўнікі ў школах «ня могуць забясьпечыць высокі ўзровень выкладаньня замежнай мовы», а ва ўнівэрсытэтах займацца вывучэньнем мовы запозна. Там на ёй трэба ўжо практыкаваць іншыя дысцыпліны.


Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч. Фота БелТА

«На жаль, у школах яшчэ ёсьць настаўнікі, якія ня могуць забясьпечыць высокі ўзровень выкладаньня замежнай мовы ў новых умовах, — заявіў у інтэрвію БелТА міністар адукацыі Сяргей Маскевіч. — Некаторыя пэдагогі за гады працы прызвычаіліся да сталага стылю выкладаньня».

Пры гэтым ужо праз год у школах пройдуць першыя выпускныя іспыты па замежнай мове. І школьнікаў абавяжуць здаваць іх вусна. Экспэрты ня раз заяўлялі, што ўзровень моўнай падрыхтоўкі ў беларускіх школах пакідае жадаць лепшага.

«Думаю, што праз гадоў пяць іспыт па замежнай мове стане звычайным працоўным момантам, — лічыць Маскевіч. — Наогул цяпер мы абмяркоўваем і такое пытаньне: а можа зрабіць яго формай выніковай атэстацыі выпускнікоў базавай школы? Тады на трэцім узроўні [ў 10–11 клясах — Generation.bY] можна было б увесьці прафілізацыю ў вывучэньні замежнай мовы».

Таксама міністар адукацыі, паводле агульнага трэнду да скарачэньня гуманітарных дысцыплінаў у ВНУ, абрынуўся з крытыкай на выкладаньне замежнай мовы ва ўнівэрсытэтах:

«Што ж тычыцца ВНУ, то вывучаць там замежную мову — гэта несур’ёзна. Студэнт, прыходзячы ў ВНУ, ужо павінен валодаць мовай настолькі, каб выкарыстоўваць яе ў якасьці сродку для набыцьця ведаў. Выпускнік школы павінен быць гатовы паступаць у ВНУ і вучыцца, напрыклад, на ангельскай, французскай ці нямецкай мове».

Паводле беларускага міністра, студэнтам ангельская ці іншая замежная патрэбная хаця б для таго, каб «вольна ўдзельнічаць у адукацыйных праграмах» і «вучыцца па абмене».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.