У два разы падвысіцца плата на эканамічных і юрыдычных спэцыяльнасьцях

Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч падтрымаў прапанову віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка ўзьняць кошты па найбольш папулярных спэцыяльнасьцях у два разы ўжо з наступнага году. Акрамя гэтага, Маскевіч паабяцаў болей не падвышаць кошты на навучаньне. У гэтым навучальным годзе.

«Плянуецца, што на спэцыяльнасьці, дзе ў нас занадта шмат потым незапатрабаваных выпускнікоў, павысіцца кошт навучаньня», — заявіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч у час простай лініі, арганізаванай газэтай «Рэспубліка». Яго словы цытуе Onliner.by.

Паводле сьцьверджаньняў міністра, «цяпер дзяржава на кожны мільён рублёў, які плаціць студэнт-платнік, вылучае ВНУ дадатковы мільён». Таму на некаторыя спэцыяльнасьці кошты могуць узьняць адразу ўдвая, каб цалкам кампэнсаваць навучаньне студэнтаў.

«На маю думку, гэта ў асноўным юрыдычныя і эканамічныя спэцыяльнасьці, некаторыя зь якіх зараз не запатрабаваныя», — сказаў Маскевіч. Пры гэтым ён адзначыў, што падвышэньне кошту навучаньня закране толькі тых, хто стане студэнтам у новым навучальным годзе.

Беларускі дыплём за $15 тыс.

Упершыню ідэю ўзьняць кошты на найбольш папулярныя спэцыяльнасьці агучыў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, які за апошні час здабыў славу дзякуючы сваім нечаканым прапановам.

«Для мяне не зусім зразумела, чаму ў прыватнай ВНУ рыхтуюць спэцыяліста за 7.5 млн. рублёў у год, а ў дзяржаўнай ВНУ на аналягічнай спэцыяльнасьці кошт падрыхтоўкі спэцыяліста дасягае 17 мільёнаў рублёў», — заявіў тады віцэ-прэм’ер.

«Давайце з вамі дамовімся на наступны навучальны год: па тых спэцыяльнасьцях, дзе назіраецца перавытворчасьць кадраў, але моладзь гэтая акалічнасьць мала турбуе, пралічвайце сабекошт падрыхтоўкі, дабаўляйце працэнты прыбытку, якія самі палічыце слушнымі, і называйце суму», — сказаў Тозік.

Цяпер паводле заяваў адукацыйных чыноўнікаў, беларускія студэнты аплочваюць прыкладна 60% сваёй адукацыі. Пры гэтым па афіцыйнай інфармацыі за мінулы навучальны год Мінадукацыі зрабіла студэнтам скідак з кошту платнага навучаньня на 3.89 млрд. рублёў.

Атрымліваецца, што калі задума Тозіка-Маскевіча ажыцьцявіцца, кошт адукацыі на эканамічным і юрыдычным факультэтах БДУ складзе не цяперашнія 12 млн., а ўсе 20 ці, калі ўжо працаваць на рэнтабэльнасьць, 24 млн. рублёў альбо 3 тысячы даляраў. У год.

Да восені кошты на адукацыю ня вырастуць

Што тычыцца коштаў у ВНУ ў гэтым годзе, то ў Міністэрстве адукацыі разьлічваюць іх больш не павышаць:

«Спадзяемся, дзяржава дапаможа ВНУ і кошты больш ня прыйдзецца паднімаць», — сказаў Маскевіч.

Цікава, што вялікая доля раней агучаных Тозікам прапановаў успрымалася чыноўнікамі вельмі сур’ёзна. Многія зь іх маюць усе шанцы быць прынятымі ў Беларусі.

Што яшчэ прапанаваў Тозік

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.