Што ў імені тваім?

Вітаю, сістэрс эн бразас, сёньня мы з вамі паразважаем пра ролю абстрактнай асобы ў беларускай музыцы. Дакладней — пра яе ці то «сьціпласьць», ці то нейкую гістарычна закладзеную прагу да кансьпіралёгіі! Ня бойцеся, не такая гэта і страшная тэма.

Проста неверагодна: у адзін дзень — і столькі супадзеньняў! Гугл выдае нам, што у гэты дзень 14 сакавіка ў гісторыі сусьветнай музыкі адбыліся наступныя цікавыя з пункту гледжаньня сёньняшняе тэмы падзеі:

  • гурт Джымі Хэндрыкса The Jimi Hendrix Experience запісаў канцэрт на галяндзкім TV-шоў Fan Club у Амстэрдаме;
  • быў утвораны гурт Bon Jovi, у склад якога ўвайшлі Jon Bon Jovi, Richie Sambora і Alec John Such;
  • нарадзіўся Аляксандр Манякін, бубнач дракон-хмр-гурта «Кипелов»;
  • нарадзіўся Джордан Хэнсан, удзельнік гурта Hanson.

Што тут дзіўнага? А тое, што ўсе вышэйазначаныя калектывы маюць у сваім назове імя свайго лідэра. Ня нейкая там абстракцыя, а вось, канкрэтнае імя і нават прозьвішча, можа нават узятыя з уласнага пашпарту, а не псэўданім. Мала таго, такіх гуртоў увогуле ў сьвеце вельмі шмат, а ўзгаданыя выканаўцы — гэта малая частка падобных праз прызму сёньняшняга дня.

На Захадзе гэта даўно ўжо нават традыцыя такая: як толькі якая «зорка» сыходзіць у самотнае сольнае плаваньне па хвалях смуроднага мора шоў-бізнэсу (кхе-кхе), то адразу дае свайму караблю ўласнае чалавечае імя, ну, бывае яшчэ дадаюць да гэтага словы Band ці Orchestra, у такім духу. Музычны калектыў Пятра Наліча. Чулі? Вось, неяк так. Болей прыкладаў прыводзіць, думаю, бессэнсоўна.

Лёгіка тут абсалютна зразумелая: навошта чалавеку адмаўляцца ад ужо раскручанага свайго імя, калі на ім можна зрабіць камэрцыйны акцэнт і, як вынік, атрымаць грошы! Імя — гэта ўжо брэнд, за які шмат чаго ў музыцы слухачы даруюць, бо гэта ж ЁН зрабіў, ЯГО гурт, ЯГО музыка! Чым гэта дрэнна? Усё лягічна і карысна для ўласнай кішэні.

Бываюць яшчэ і сытуацыі, калі такім чынам называюць свае гурты зусім пачаткоўцы, маладняк зь вялікімі амбіцыямі лідэраў, тыя ж Bon Jovi. Але тут — прыцэл на будучыню, што, пры наяўнасьці таленту і ўдачы, таксама толькі плюс. Фартуна любіць і такіх — упартых, крышачку нахабных, прыгожых і хмяльных! Ну, карацей, нас, рок-музыкаў :) Такіх за бугром таксама хапае, людзі не замарачваюцца! Нават у суседняй Расеі граюць «Сурганова и оркестр».

А зараз пытаньне! А шмат ведаеце беларускіх гуртоў, названых падобным чынам? Узгадваецца WZ-Orchestra Зьмітра Вайцюшкевіча, але апошнім часам Зьміцер грае ўсё болей «пад акустыку», адзін і без Orchestra. Таму будзем лічыць гэта за выключэньне, якое, як вядома, толькі пацьвярджае правіла. Чамусьці яшчэ прыходзіць у галаву словазлучэньне «Кульлінковіч і кунілінгус», пачутае ад таго самага Аляксандра Кульлінковіча. Але такога гурта не існуе, ды і слаба ўяўляюцца, скажам, афішы з такой хм… пікантнай назвай ці радыё-фм-ратацыі. Хаця, лічу, наш цнатлівы радыёфармат гэта толькі б ўпрыгожыла, бо было б як мінімум разнастайна! Карацей, неяк у нас не прыжываецца гэта.

Ёсьць жывыя клясыкі фольк-, рок-музыкі, нават легендарныя гурты. Вось апошнія ўжо пачынаюць «па-заходняму» распаўзацца, а імя-брэндаў не зьяўляецца. Нават свае «папулярныя» назвы ня дзеляць. Гэта веееельмі дзіўна, асабліва для шоўбізу. У чым тут справа — дакладна сказаць не бяруся. Магчыма, гэта старадаўняя «партызанская» беларуская рыса — не высоўваюцца паасобку. Ну, неяк не ўяўляю я розныя там «….Orchestra». Спрацоўвае камандны дух у беларускіх музыкаў, магчыма. Калегаў парвем, за сваіх пад танкі ляжам, але ўсе і разам, не паасобку! Калі ж той вылучаецца і па розных прычынах сыходзіць, імя сваё на шыльду новага бэнду ўсё роўна ня вешае.

Парадокс і нонсэнс, сябры! Дрэнна гэта ўсё ці добра — кожны вырашае для сябе сам. Па мне, дык гэта няправільна, бо каманды камандамі, але і «чалавекаў-легендаў» таксама хочацца, хаця б для паўнавартаснасьці нашай музычнае сцэны. Мы ж частка сусьветнага ракінролу? Вось і трэба пераймаць сусьветныя традыцыі. Здаецца, усе ад гэтага павароту ў музычнай кар’еры толькі выйграюць. Але згодны, ня ўсе могуць быць The Jimi Hendrix Experience ці тымі ж салаўямі Bon Jovi.

PS. Зь вясной вас, людзі! Кахайцеся і слухайце яскравую цяжкую музыку! Да новай сустрэчы!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0657 seconds.