Вясковым абітурыентам пакінулі льготы

Нягледзячы на шматлікія заявы беларускіх чыноўнікаў аб неабходнасьці рэформы працэдуры залічэньня ва ўнівэрсытэты, у правілах набору 2012 году зьменаў амаль ня будзе. Мінадукацыі абмежавалася ўсталяваньнем мінімальнага балу па тэстах.

Аўтазак пад вакнамі Міністэрства адукацыі
Міністэрства адукацыі аказалася скаваным воляй іншых

Правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ Беларусі ў 2012 годзе зьмяняцца ня будуць. Пра гэта заявіў першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук на выніковай калегіі камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму.

У выніку, у Беларусі захаваецца асобны конкурс для вясковых і гарадзкіх абітурыентаў, што зробіць шлях апошніх у ВНУ цяжэйшым: часьцей за ўсё выпускнікам вясковых школаў для паступленьня дастаткова менш балаў, чым абітурыентам з гораду.

Акрамя гэтага, захаваецца існы набор ільготнікаў і абітурыентаў, якіх бяруць па-за конкурсам.

Адзінае новаўвядзеньне, якое зьявіцца ва ўступнай кампаніі 2012 году — мінімальны станоўчы бал на ЦТ, набраць які будзе неабходна для паступленьня ў ВНУ. Цяпер Міністэрства адукацыі вырашае, якім будзе гэты бал. У разьлік бяруцца вынікі цэнтралізаванага тэставаньня 2011 года, сярэдні ўзровень якіх быў ніжэйшы нават за 50 балаў.

Параза Маскевіча

«Неабходна перанесьці сыстэму наданьня льготаў з этапу паступленьня на пэрыяд навучаньня ў ВНУ», — яшчэ год таму натхнёна казаў міністар адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч.

Цяпер ільготамі пры паступленьні ў беларускія ВНУ карыстаюцца пераможцы алімпіядаў школьнікаў, спартовых спаборніцтваў. Па-за конкурсам прымаюцца інваліды і некаторыя іншыя катэгорыі беларусаў.

Меркавалася, што ўсё гэта зьнікне ўжо ў 2012. А Мінадукацыі прапануе мэханізм, празь які дапамога студэнтам будзе аказвацца ўжо пасьля іх паступленьня ў ВНУ. Аднак цуду не адбылося і, прынамсі, да наступнага году ўсё застанецца як і раней.

Як адзначаюць naviny.by, найбольш верагодна, што ініцыятыву Маскевіча «зарэзалі» на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта — менавіта там новыя прапановы праляжалі некалькі апошніх месяцаў.

«Прэзыдэнт шмат разоў выступаў у падтрымку сельскіх жыхароў, кажучы пра тое, што менавіта вяскоўцы — самая кансэрватыўная і надзейная частка грамадзтва, на якую трэба абапірацца. Такім чынам, мы назіраем спробу ўтрыманьня свайго электарату. Пакінутыя льготы для вяскоўцаў — гэта палітычны выбар ўлады», — сказаў палітоляг Валеры Карбалевіч у інтэрвію naviny.by.

«Сыстэма вышэйшай адукацыі Беларусі арыентавана не на паляпшэньне якасьці, яна разбурана. Задача яе — у першую чаргу забясьпечыць палітычную ляяльнасьць да цяперашняга рэжыму выкладчыкаў і студэнтаў, а толькі ў другую чаргу — адукацыйная», — лічыць экспэрт.

Застаюцца няяснымі іншыя пункты адукацыйнай рэформы, агучанай у мінулым годзе. Нагадаем, з 2012 меркавалася памнажаць на два балы вынікі па ЦТ па профільных прадметах абітурыентаў тэхнічных спэцыяльнасьцяў, а на завочнае браць толькі пры наяўнасьці працы. Верагодна, беларускія чыноўнікі адкінуць і гэтыя прапановы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.