Болей за 3 600 беларусаў захацелі вучыцца бясплатна па стыпэндыі «Адкрытай Эўропы»

У выніку для інтэрвію адабралі толькі 179 чалавек. Пераможцам аплацяць увесь тэрмін навучаньня ў любым эўрапейскім унівэрсытэце, а таксама вылучаць стыпэндыю ў 1000 эўра. Пры адборы арганізатары «Адкрытай Эўропы» глядзелі на «палітычную матывацыю» абітурыентаў, а вось сачыць за тым, ці вернуцца студэнты на радзіму, не зьбіраюцца, — рэсурсаў няма.

У Вільні сканчаецца другі этап адбору ўдзельнікаў для праграмы «Адкрытая Эўропа», у межах якой кожны малады беларус атрымаў магчымасьць павучыцца ў адным з унівэрсытэтаў Эўропы. Для атрыманьня стыпэндыі дастаткова было выбраць унівэрсытэт і падаць заяўку на ўдзел.


Так праходзіла сумоўе на атрыманьне стыпэндыі «Адкрытай Эўропы». Здымкі «Наш Дом»

Паводле дырэктара праграмы Мэса Мэйнэра, заяўкі на яе падалі болей за 3 600 чалавек (хаця ён чакаў толькі 1 500). Аднак толькі кожны 20-ы атрымаў запрашэньне ў Вільню на сумоеў са спадаром Мэйнэрам.

«Праект фінансаваўся Эўразьвязам, бюджэт у нас абмежаваны, — распавёў дырэктар праграмы ў інтэрвію „Наш Дом“. — У першай плыні мы атрымалі больш за 3 600 заявак. Мы былі вымушаныя выкарыстаць даўгі сьпіс перавагаў і крытэраў і выбраць зь іх толькі 179».

Пры адборы для арганізатараў важнай была «палітычная матывацыя»: чаму маладыя беларусы «хочуць вучыцца за мяжой і як яны выкарыстаюць эўрапейскую адукацыю пасьля вяртаньня ў Беларусь».

Праўда, кантраляваць вяртаньне студэнтаў у Беларусь пасьля заканчэньня навучаньня ніхто не зьбіраецца:

«У нас няма ні прычын, ні інструмэнтаў, ні рэсурсаў для гэтага, — кажа спадар Мэйнэр. — Мы толькі заклікаем студэнтаў вяртацца дадому, выкарыстоўваць адукацыю і веды, атрыманыя ад дэмакратычнага грамадзтва, і спрабаваць зьмяніць сыстэму ў Беларусі».

Найлепшыя веды дзеля «зьмены сыстэмы», на думку кіраўніцтва праграмы, даюць «эканоміка, міжнародныя, палітычныя навукі і таму падобныя». Хаця «акадэмічную сфэру ніхто нікому не задае», увага канцэнтравалася найперш на «акадэмічных сфэрах, якія не прапаноўвае Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні».

Рэпартаж з адбору «Наш Дом»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0547 seconds.