Студэнты ў Беларусі таксама сталі мільянерамі

Многія студэнты, стыпендыі якіх былі пералічаныя пасля апошняй сесіі, маглі заўважыць дадатковыя нулі ў сумах выплат за люты. Тыя, што вучацца лепей за ўсіх, цяпер могуць разлівачваць на стыпендыі ў адзін мільён беларускіх рублёў. Такім чынам студэнты сталі яшчэ адной катэгорыяй беларускіх грамадзян, што могуць называць сябе мільянерамі.


Пасля падвышэння тарыфнай стаўкі першага разраду ў студзені 2013 г. (ад яе залежаць усе стыпендыі ў Беларусі) выраслі і прыбыткі навучэнцаў, што атрымліваюць хоць нейкую стыпендыю.

Мінімальная цяпер складае 451 000 ці $53 — даляравы рэкорд за ўсю гісторыю Беларусі. Папярэдні рэкорд у стыпендыях быў пастаўлены ў мінулым годзе, калі мінімальныя выплаты былі падвышаныя да $47. Рост сапраўды заўважны, з улікам таго, што мінулы навучальны год студэнты пачалі з стыпендыямі роўна ў два разы меншымі за цяперашні ўзровень.

На максімальную ж стыпендыю могуць разлічваць студэнты БДУ, якім прысуджаныя імянныя стыпендыі. Штомесяц яны атрымліваюць па 1.35 млн. рублёў. Дарэчы, гэта амаль у два разы болей за ўзровень прэзідэнцкіх стыпендый.

Амаль мільён атрымліваюць магістранты і студэнты праграм навучання першага ўзроўню па прыродазнаўчым дысцыплінам у БДУ. Іх стыпендыі роўныя прыкладна 940 тыс. рублёў. З улікам пераразліку за студзень у гэтым месяцы яны атрымалі таксама болей за мільён.

У сярэднім студэнт-гуманітарый БДУ можа разлічваць на стыпендыі ў 645–763 тыс. Студэнты іншых універсітэтаў — на 586 тыс. Аспіранты штомесяц атрымліваюць 1.81 млн., а тыя з іх, хто быў пазначаны адмысловай прэзідэнцкай узнагародай — 2.66 млн.

Беларускія ўлады і надалей абяцаюць падвышаць заробкі, што адаб’ецца і на росце стыпендый. Аднак гэтыя выплаты дагэтуль сур’ёзна адстаюць ад тых грошай, якія штомесяц атрымліваюць студэнты ў суседніх краінах. Напрыклад, мінімальная стыпендыя ў Літве ў 3 разы вышэйшая за беларускую і складае 1.3 млн. у пераводзе на рублі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.