3.6 мільёны эўра на адукацыю беларусаў па праграме «Адкрытая Эўропа» разьмяркуюць 5 чалавек

Дырэктар праграмы «Адкрытая Эўропа» Мадс Мэйнэрт, у межах якой любы малады беларус можа атрымаць магчымасьць навучацца ў выбраным ім унівэрсытэце Эўропы, раскрыў падрабязнасьці адбору кандыдатаў і арганізацыі праграмы. Па яго словах, стыпэндыі будуць выдавацца цягам пяці гадоў, але, калі вылучанае на праграму фінансаваньне ў памеры 3.6 мільёны эўра скончыцца заўчасна, наступныя адборы студэнтаў ня будуць праводзяцца. Таксама высьветлілася, што дакладныя крытэры выбару студэнтаў на стыпэндыю пакуль не вызначаныя, а ў арганізацыйны камітэт адбору ўвойдуць пяць чалавек.

Нагадаем, стыпэндыяльная праграма «Адкрытая Эўропа» ўпершыню дае магчымасьць беларусам бясплатна навучацца ў любым унівэрсытэце ЭЗ і асацыяваных краін па бакаляўрскай ці магістэрскай праграме. «Адкрытая Эўропа» абяцае пакрыць увесь кошт навучаньня ў выбраным унівэрсытэце, а таксама прадставіць гадавы грант на вандроўку ў Беларусь у памеры 800 эўра, а таксама 1 000 эўра штомесяц дзеля пакрыцьця выдаткаў на пражываньне.

Па словах дырэктара праграмы «Адкрытая Эўропа» Мадс Мэйнэрт з Капэнгагену, грошы на стыпэндыі беларусам дала Эўрапейская камісія, а ажыцьцяўляць яе папрасілі Паўночную раду міністраў. Пры гэтым ЭЗ ужо фінансуе адзін вялікі адукацыйны праект для беларусаў — Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні.

«Праграму можна разглядаць як дапаўненьне той праграмы, якая ажыцьцяўляецца Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам у Вільні», — адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода Мадс Мэйнэрт. Дарэчы, стыпэндыю на навучаньне ў ЭГУ па гэтай праграме атрымаць будзе нельга.

3.6 мільёны эўра, сотні заявак і пяць экспэртаў


Дырэктар праграмы «Адкрытая Эўропа» Мадс Мэйнэрт. Фота Радыё Свабода

Сума, якую вылучылі на стыпэндыі, параўнальная з гадавым бюджэтам ЭГУ. Гэта 3.6 мільёны эўра. Разьлічаная яна на пяць гадоў, але грошы могуць скончыцца і раней:

«Мы гатовыя выкарыстаць наш фонд у максымальнай ступені, — кажа Мадс Мэйнэрт. — Цяжка сказаць, колькі стыпэндыяў могуць пакрыць гэтыя грошы, паколькі гэта будзе залежаць ад таго, колькі мы атрымаем просьбаў аб стыпэндыі на ступень бакаляўра, а колькі — на ступень магістра. Адукацыя на ступень бакаляўра трывае даўжэй, чым на ступень магістра. І мы яшчэ ня ведаем, які будзе конкурс на атрыманьне гэтых стыпэндыяў, паколькі тэрмін высыланьня заявак яшчэ не мінуў, ён скончыцца 16 сьнежня 2011. Як думаю, бліжэй да гэтай даты людзі стануць пасылаць заяўкі больш актыўна».

Усе заяўкі будуць разглядацца арганізацыйным камітэтам, які складаецца з трох акадэмічных экспэртаў з Эўразьвязу, адной асобы з прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Кіеве ды спадара Мэйнэрт. Агулам пяць чалавек на сотні, а, можа быць, і тысячы анкетаў.

«Мы будзем разглядаць гэтыя заяўкі на прадмет іх якаснасьці, кваліфікацыі просьбітаў і гэтак далей. Мы яшчэ ня вырашылі ўсіх дэталяў адносна гэтага разгляду».

Першы этап разгляду скончыцца да лютага 2012 году, калі лепшыя абітурыенты будуць запрошаныя на сумоўе ў Вільню паміж 2 і 13 лютага 2012.

«Мэтай размоваў у Вільні будзе высьвятленьне асабістых кваліфікацый і матывацыі тых людзей, якія паслалі заяўкі. Мы хочам спаткацца з патэнцыйнымі студэнтамі і даведацца, наколькі яны падрыхтаваныя да таго, каб правесьці некалькі гадоў па-за Беларусьсю, далёка ад сям’і і сяброў.

І мы хочам, зразумела, даведацца, што яны думаюць рабіць пасьля заканчэньня адукацыі і атрыманьня ўнівэрсытэцкай ступені. Ці маюць яны намер вярнуцца ў Беларусь і працаваць там на карысьць грамадзтва ці, можа, яны хочуць застацца за мяжой…»

Што трэба для ўдзелу

  1. Абраць ад аднаго да трох унівэрсытэтаў і праграму згодна вашым цікаўнасьцям. Калі вы абіраеце два ўнівэрсытэты, то яны павінны быць у розных краінах (калі тры, то два могуць быць у адной краіне).
  2. Запоўніць он-лайн форму на атрыманьне стыпэндыі на сайце праграмы і даслаць да 16 сьнежня 2011. Формы заяўкі, якія паступяць пазьней за дату дэдлайну, будуць перанесеныя на наступны пэрыяд разьмеркаваньня стыпэндый.
  3. Кандыдаты, якія пройдуць папярэдні адбор, будуць запрошаныя на інтэрвію ў Вільню. Яно мае адбыцца з 2 па 13 лютага 2012.

Толькі 50 заявак

Другі тур адбору магчымы, але ж гэта залежыць ад колькасьці жадаючых паступіць цяпер. Калі ж увесь фонд будзе раздадзены ўжо на першым этапе, другога можа і ня быць.

Але за тыдзень, што прайшоў з моманту абвяшчэньня ўмоў набору, на праграму былі пададзеныя толькі 50 заявак. «Я спадзяюся, што мы атрымаем значна больш, каб мець з чаго выбіраць», — кажа дырэктар «Адкрытай Эўропы».

Што да іншых крытэраў адбору, то падавацца можна будзе нават зь беларускім дыплёмам аб сярэдняй адукацыі. Галоўнае — веданьне мовы і жаданьне вучыцца дзеля працы на радзіме.

«Узрост тут не зьяўляецца нейкай праблемай. Мы зьвяртаемся з гэтай прапановай да маладых беларусаў, якія закончылі сярэднюю адукацыю. Так што яны будуць паступаць ва ўнівэрсытэты ва ўзросьце 17 ці 18 гадоў, дзе пастараюцца атрымаць ступень бакаляўра цягам трох або чатырох гадоў — гэта будзе залежаць і ад курсу, які студэнты выберуць, і ад іх моўных здольнасьцяў.

А тыя, якія ўжо маюць ступень бакаляўра, атрыманы ў заходнім унівэрсытэце, або раўнаважнае гэтай ступені акадэмічнае пасьведчаньне зь іншага унівэрсытэту, могуць прасіць стыпэндыю на атрыманьне ступені магістра».

Інфармацыя пра ўмовы удзелу, крытэры адбору, працэдуры запаўненьня і падачы заяўкі месьціцца на сайце праграмы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.058 seconds.