Сяргей Абламейка назваў самакіраваньне ў БДУ «вельмі моцным»

Адбылося гэта на цырымоніі падпісаньня пагадненьня паміж БРСМ і студсаюзам БДУ. Прадстаўнікі «самакіраваньня» дамовіліся разам «рэалізоўваць дзяржаўную моладзевую палітыку».


На чале стала студэнцкага самакіраваньня — рэктар БДУ Сяргей Абламейка. Фота Настасься Храловіч, прэс-служба СтудСаюза БДУ

Учора ў БДУ адбылося падпісаньне пагадненьня паміж Студэнцкім саюзам БДУ, Саветам старастаў, Студэнцкім Саветам па якасьці адукацыі БДУ і мясцовай арганізацыяй БРСМ. Прадстаўнікі гэтых арганізацый дамовіліся «разьвіваць супрацоўніцтва», каб «сумесна рэалізоўваць дзяржаўную моладзевую палітыку». Аб гэтым паведамляе прэс-служба БДУ.

Прысутны на цырымоніі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сяргей Абламейка назваў студэнцкае самакіраваньне «моцным» і «ўплывовым»:

«У нашым унівэрсытэце вельмі моцнае студэнцкае самакіраваньне, якое бярэ ўдзел у прыняцьці ключавых для ВНУ рашэньняў», — сказаў Сяргей Абламейка. Паводле Абламейкі, «студэнты выказваюць заўвагі і пажаданьні» і «ўмацоўваюць аўтарытэт ВНУ як на нацыянальным, гэтак і на міжнародным узроўнях».

Паводле кіраўніцтва БДУ, у самакіраваньне ва ўнівэрсытэце ўваходзіць і мясцовая ячэйка БРСМ.

Рэктар БДУ унесены ў «чорны сьпіс» Эўрапейскага Зьвязу за адлічэньні студэнтаў па палітычных матывах. Да прыкладу, пасьля сьнежня 2010 году быццам за завал сэсіі з БДУ былі адлічаныя другакурсьнік фізфаку Алесь Лукашоў і студэнтка апошняга курсу журналісцкага факультэту БДУ Кацярына Клімко. У час адлічэньняў самакіраваньне ніяк не праявіла сябе.

Заява рэктара БДУ прагучала празь некалькі тыдняў пасьля рашэньня Балоньскай працоўнай групы рэкамэндаваць міністрам адукацыі Эўропы адмовіць Беларусі ў яе жаданьні далучыцца да Адзінай прасторы вышэйшай адукацыі Эўропы. Адной з падставай рашэньня групы стала адсутнасьць сапраўднага студэнцкага самакіраваньня ў Беларусі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0556 seconds.