«Каханне і справядлівасць» студэнтаў на маршы ў Мінску

Паводле ацэнак журналістаў на студэнцкі марш пратэсту ў цэнтры Мінска адважыліся прыйсці некалькі дзясяткаў удзельнікаў. Кампанію ім склалі таксама дзясяткі журналістаў і некалькі актывістаў-заўсёднікаў грамадска-палітычных акцый. Вакол акцыі пастаянна знаходзілася вялікая колькасць супрацоўнікаў міліцыі, частка з якіх нязграбна спрабавала прыхаваць сваю прысутнасць адсутнасцю формы.

«Марш студэнтаў» даў чарговы раз упэўніцца, што скептыцызмам, што паступова апанаваў беларусаў у стаўленні да патэнцыялу маштабнасці пратэстных акцый, дакладна не хварэюць міліцыянты і іншыя спецыяльныя службы.

Хлопцы «па форме і без» штораз з вялікім імпэтам прыходзяць на любую больш менш анансаваную пратэстную актыўнасць, а калі нешта прапусцілі, то ўважліва знаёмяцца потым з удзельнікамі праз фота ў медыях.

Гэтым разам скептыцызм да перспектыў акцыі пратэсту студэнтаў у Беларусі таксама не распаўсюдзіўся і на адміністрацыю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паводле звестак інсайдэраў, на шматлікіх аператыўных нарадах адміністрацыя БДУ шукала метады супрацьстаяння студэнтам, якія «#Супраць».

«#Студенты против» – так завецца суполка ў VK, якая абвясціла катэгарычную нязгоду з перспектывай увядзення у БДУ платных адпрацовак іспытаў, залікаў і лабараторных. Вялікая ўвага медыяў да пытання, а таксама не самая вялікая абыякавасць студэнтаў, аднак ніяк не паўплывалі на рашэнне адміністрацыі БДУ – платныя адпрацоўкі былі зацверджаныя. Не дапамаглі і шматлікія подпісы ад студэнтаў, якія збірала іншыя група актывістаў.

Наступным крокам групы «#Студенты против» стала абвяшчэнне публічнай акцыі пратэсту. Рэктар БДУ па-свойму пачуў студэнтаў і абвясціў крок у адказ: у час правядзення акцыі пратэсту была анансаваная вялікая афіцыйная сустрэча студэнтаў з рэктарам БДУ.

Але ў апошні момант яе перанеслі на нявызначаны час, пасля таго, як студэнты з маршу паабяцалі прыйсці на сустрэчу і высунуць набор патрабаванняў: «адмены платных пераздач», «спынення ціску на студэнтаў», «роспуска Асамблеі БДУ і стварэння рэальнага воргана студэнцкага самакіравання».

Непасрэдна на месцы правядзення акцыі ўсё было даволі традыцыйна для беларускай будзённасці: уваход у БДУ, куды ўдзельнікі акцыі прыйшлі на перамовы з рэктарам, аказаўся абнесены адмысловай стужкай з надпісам, што вядуцца будаўнічыя работы. На некалькіх чалавек, што ўздымалі плакаты, міліцыянты (тыя, што «па-форме») склалі пратаколы, некалькі ўдзельнікаў акцыі скочылі ў маршрутку, каб пазбегнуць такога лёсу, але група міліцыянтаў мікрааўтобусе паехала за імі.

Фінал акцыі атрымаўся прыгожым: «Ректорат - на ковёр!» – гукалі студэнты, расцілаючы дыван пры ўваходзе ў БДУ.

Фотаздымкі: Наша Ніва, Tut.by, Oniner.by


Уні Вера 10:00, 02.12.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0947 seconds.