Вучыць беларускую ідэалёгію на ангельскай згадзіліся 4 дзесяткі замежнікаў

БДУІР ужо тры гады набірае на навучаньне студэнтаў на ангельскамоўныя спэцыяльнасьці. Але вучыцца на іх пакуль згадзіліся толькі каля 40 студэнтаў. Цяпер унівэрсытэт адкрые набор яшчэ на тры спэцыяльнасьці. Але выкладчыкаў для іх не хапае ўжо цяпер.

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі тры гады запар набірае замежных студэнтаў на дзьве ангельскамоўныя спэцыяльнасьці. А з 1 верасьня наступнага году ён зьбіраецца значна пашырыць сьпіс гэтых спэцыяльнасьцяў.

Галоўная мэта разьвіцьця першых выключна ангельскамоўных тэхнічных праграмаў у Беларусі — грошы. І гэтага не хаваюць у Міністэрстве адукацыі:

«Мы жадаем пашыраць экспарт адукацыйных паслугаў і прыцягваць для вучобы ў нашых навучальных установах больш замежнікаў», — казаў намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук яшчэ ў час адкрыцьця спэцыяльнасьцяў у БДУІР.

Вучыцца ў БДУІР па-ангельску можна толькі платна. За год навучаньня па такіх спэцыяльнасьцях, як «сеткі тэлекамунікацый» і «абарона інфармацыі ў тэлекамунікацыях» трэба выкласьці 4 250 даляраў.

Хаця жадаючых далучыцца да тэлекамунікацыйнай веды па-ангельску пакуль ня так шмат. Цяпер ва ўнівэрсытэце па-ангельску навучаюцца 45 студэнтаў, сярод іх тры беларусы (паводле інфармацыі «Советской Белоруссии» — ніводнага). Прыкладна 8 чалавек на групу.

Як сьцьвярджаецца, у гэтых маладых людзей ёсьць магчымасьць праходзіць практыку на ангельскай на прадпрыемствах і фірмах — рэзыдэнтах Парку высокіх тэхналёгій. У пэрспэктыве яны змогуць пазнаёміцца з працай кампаній, якія знаходзяцца за мяжой.

Але перад тым, як перайсьці да практыкі ў замежных кампаніях, студэнтам трэба здаць пару залікаў. Напрыклад, па ідэалёгіі беларускай дзяржавы. Такую істотную для іранцаў і кітайцаў дысцыпліну, як «Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы», замежныя студэнты па-ангельску мусяць здаць адразу на першым курсе. Акрамя гэтага, замежнікам у БДУІР прапануюць вывучаць гісторыю Беларусі і паліталёгію, а таксама расейскую мову як замежную і ахову працы.


Дадзеныя 2010 году

Няма каму выкладаць

Пры гэтым галоўная праблема ўнівэрсытэту — не адсутнасьць жадаючых вучыцца, а недахоп выкладчыкаў, якія ведаюць дысцыпліну на дастатковым ўзроўні і да таго ж могуць выкладаць на ангельскай. Дэфіцыт напярэдадні адкрыцьця новых спэцыяльнасьцяў дасягнуў такіх маштабаў, што рэктар унівэрсытэту Мікалай Батура прапанаваў стварыць рэспубліканскі рэестар ангельскамоўных выкладчыкаў.

«Трэба яшчэ зрабіць экспэртызу, праверыць, ці сапраўды яны [ангельскамоўныя выкладчыкі] змогуць працаваць са студэнтамі на ангельскай. Спатрэбіцца не адзін месяц, каб у кожным з ВНУ адшукаць такіх спэцыялістаў. Але важна, каб такую задачу паставілі ў Міністэрстве адукацыі, тады справа пойдзе хутчэй», — кажа рэктар Батура.

З новага навучальнага году ў БДУІР зьявяцца адразу тры новыя спэцыяльнасьці для замежнікаў: «аўтаматызаваныя сыстэмы апрацоўкі інфармацыі», «праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій», «інжынэрна-псыхалягічнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій».

Верагодна, павучыцца на іх запросяць і былых нігерыйскіх баевікоў, што ўжо 1 лютага прыляцелі ў БДУІР вывучаць радыётэхніку і інфарматыку. Раней афрыканскія СМІ паведамілі, што ў Беларусь і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку на навучаньне накіраваныя 146 былых баевікоў антыўрадавых паўстанцкіх войскаў Нігерыі.

Па дадзеных інфармацыйнага партала All Africa, былыя баевікі будуць навучацца ў Беларусі паводле пагадненьня паміж урадамі дзьвюх краін: такім чынам маладым людзям прапануюць жыцьцёвую альтэрнатыву вайсковай дзейнасьці. Толькі за год навучаньня былых баевікоў БДУІР заробіць болей за 100 тысячаў даляраў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.