Мэр Менску заявіў аб магчымасьці адмены бясплатнага праезду для студэнтаў

У наступным годзе бясплатны праезд студэнтаў у менскім транспарце можа быць адменены. Школьнікі ўжо дакладна пазбавяцца гэтага права на лета 2012-га. Аб гэтым заявіў сёньня мэр Менску Мікалай Ладуцька


Рашэньне дазволіць бясплатны праезд можа каштаваць гораду мінімум $30 мільёнаў у год.

Пытаньне аб падаўжэньні бясплатнага праезду для студэнтаў будзе вырашацца наступнай восеньню з улікам эканамічнай сытуацыі, заявіў сёньня мэр Менску.

Ужо дакладна вырашана, што менскія школьнікі вымушаныя будуць плаціць за праезд у час летніх вакацый. Аб гэтым паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Права на бясплатны праезд студэнты дзённых аддзяленьняў Менску атрымалі 13 верасьня 2011 году. У выніку вырасьлі і датацыі зь бюджэту на праезд. Акрамя студэнтаў дзённага, якіх у сталіцы 250 тысячаў, бясплатна па горадзе могуць езьдзіць школьнікі (140 тысячаў). Студэнты завочнага як і раней плацяць за праезд.

Амаль адразу пасьля надаваньня студэнтам права перасоўвацца ў грамадзкім транспарце бясплатна, па горадзе папаўзьлі чуткі аб хуткай адмене гэтага правіла. Афіцыйных пацьверджаньняў гэтай інфармацыі раней не было. Акрамя гэтага, сталічная транспартная сетка пачала ліквідоўваць маршруты, з працы пачалі звальняцца кіроўцы і кандуктары, маршрутоўшчыкі таксама зьнізілі колькасьць перавозак.

Ад верасьня кошт квітка на праезд узьняўся на 350 рублёў. Пры гэтым у бюджэце выявілася дзірка ў $500 мільёнаў. Па словах мэра, у ёй акрамя крызысу «вінаватыя» і студэнты са школьнікамі. Цяпер, як кажуць транспартнікі, менчукі аплочваюць толькі 45% кошту на праезд, бо насамрэч квіток мусіць каштаваць 2 500 рублёў, а не 1 300.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.