Ад сёньня менскія студэнты могуць езьдзіць бясплатна. Але ня езьдзяць

З 12 верасьня студэнты-дзёньнікі менскіх ВНУ маюць права на бясплатны праезд у грамадзкім транспарце. Аб гэтым у этэры СТВ заявіў мэр Менску.

«Я магу сёньня ўпэўнена сказаць — мы вывучылі ў пятніцу дадзенае пытаньне, зрабілі адпаведныя разьлікі. З панядзелка студэнты гораду Менска могуць перасоўвацца па Менску дастаткова свабодна па сыстэме грамадзкага транспарту», — заявіў яшчэ 10 верасьня ў этэры СТВ мэр гораду Мікалай Ладуцька.

Права на бясплатны праезд усе студэнты Менску атрымалі ўжо ад сёньня, 12 верасьня. Для таго, каб ім скарыстацца, дастаткова студэнцкага білету дзённай формы навучаньня.

Па словах мэра, акрамя студэнтаў дзённага, якіх у сталіцы 250 тысячаў, бясплатна па горадзе могуць езьдзіць школьнікі (140 тысячаў). Студэнты завочнага як і раней будуць плаціць за праезд.


Рашэньне дазволіць бясплатны праезд можа каштаваць гораду мінімум $30 мільёнаў у год.

Па падліках naviny.by, рашэньне Лукашэнкі дазволіць менскім школьнікам езьдзіць без квіткоў толькі ў сьнежні мінулага году каштавала мэтро болей за 100 тысячаў даляраў. Дзяржава гэтыя грошы не кампэнсавала.

Цяпер менскае мэтро пераводзіць каля 700 тысячаў пасажыраў штодзень. Калі восьмую частку гэтых пасажыраў (адпаведна з доляй у структуры насельніцтва) складаюць студэнты, то, верагодна, толькі за месяц і толькі мэтро не атрымае 2.5 мільёны даляраў.

UPD. За цэлы дзень Менсктранс так і не пацьвердзіў інфармацыі аб тым, што студэнты могуць езьдзіць без квіткоў. «Рашэньне прапрацоўваецца» кажуць у прадпрыемстве, якое адказвае за ўвесь сталічны транспарт.

У гэты час у менскім транспарце студэнты імкнуліся даказаць сваё права ехаць бясплатна. Выглядае, што мэр забыўся папярэдзіць транспартнікаў аб рашэньні зрабіць праезд бясплатным. Затое не забыўся паўтарыць свае абяцаньні некалькі разоў на публіцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0699 seconds.