Кіраўнік праграмы «Адкрытая Эўропа» спадзяецца, што пасьля навучаньня ў ЭЗ беларусы вернуцца на радзіму

Скончыўся першы і, магчыма фінальны адбор прэтэндэнтаў на стыпэндую праграмы «Адкрытая Эўропа», якая аплочвае навучаньне ў любым унівэрсытэце краін ЭЗ для беларускіх студэнтаў. Яе дырэктар заявіў, што чакаў болей за 1.5 тысячы заявак на атрыманьне фінансаваньню з фонду ў 3.6 мільёны даляраў. Таксама ён параўнаў беларускую сытуацыю з апартэідам у Паўднёвай Афрыцы і паабяцаў сачыць за тым, як беларускія студэнты будуць вяртацца з-за мяжы.

У інтэрвію Эўрапейскаму радыё дырэктар праграмы «Адкрытая Эўропа» Мадс Мэйнэр заявіў, што за некалькі дзён да сканчэньня прыёму заявак на стыпэндыі беларускія абітурыенты даслалі ўжо болей за 1 100 анкетаў. Агулам да дэдлайну 16 сьнежня спадар Мэйнэр чакаў прыкладна 1 500 анкет.

Колькі чалавек атрымае стыпэндыю — невядома. Але агульны бюджэт праграмы — каля 3.6 мільёны даляраў. Калі яго не разьмяркуюць гэтым разам, у бліжэйшы час праграма можа абвесьціць дадатковы набор. Зрэшты, па словах дырэктара «Адкрытай Эўропы», 3.6 мільёны — «не такія і вялікія грошы, калі паглядзець на кошты адукацыі». Таму праграма «патрабуе больш грошай, каб пакрыць кошты навучаньня».

Паводле словаў спадара Мэйнэра, кіраўніцтва праграмы спадзяецца, што яе выпускнікі стануць «часткай маладых адукаваных беларусаў», бо «вялікая іх колькасьць вернецца»

«Будзем праводзіць маніторынг, колькі засталося за мяжой, а колькі вярнулася. Як робім і ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, — сказаў Мадс Мэйнэр. — Я ўпэўнены, што вялікая колькасьць вернецца. Гэта бясспрэчна. Таму што яны маюць такое памкненьне і маюць сем’і ў Беларусі. А некаторыя нават маюць невялікі бізнэс».


Дырэктар праграмы «Адкрытая Эўропа» Мадс Мэйнэрт. Фота Радыё Свабода

«Што тычыцца тых, хто застанецца за мяжой, ня думаю, што яны застануцца назаўсёды. Працэс пераменаў у Беларусі можа заняць гады, але калі перамены прыйдуць, то шмат хто вернецца ў краіну».

«Такія ж працэсы мы назіралі ў Паўднёвай Афрыцы — у часы апартэіду і пасьля апартэіду шмат маладых людзей выехала з краіны. Але калі пачаліся зьмены да лепшага, людзі пачалі вяртацца».

Дырэктар параўнаў стыпэндыю з магчымасьцю навучацца ў ЭГУ. Па яго інфармацыі, толькі 25% выпускнікоў магістарскіх праграм унівэрсытэту не вяртаюцца дадому. Сярод выпускнікоў бакаляўрыяту гэты адсотак меншы.

Стыпэндыяльная праграма «Адкрытая Эўропа» ўпершыню дае магчымасьць беларусам бясплатна навучацца ў любым унівэрсытэце ЭЗ і асацыяваных краін па бакаляўрскай ці магістэрскай праграме. «Адкрытая Эўропа» абяцае пакрыць увесь кошт навучаньня ў выбраным унівэрсытэце, а таксама прадставіць гадавы грант на вандроўку ў Беларусь у памеры 800 эўра, а таксама 1 000 эўра штомесяц дзеля пакрыцьця выдаткаў на пражываньне.

Інфармацыя пра ўмовы удзелу, крытэры адбору, працэдуры запаўненьня і падачы заяўкі месьціцца на сайце праграмы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0446 seconds.