Беларускія студэнты атрымаюць магчымасьць бясплатна вучыцца ва ўнівэрсытэтах Эўропы

Буйная праграма фінансаваньня адукацыі беларусаў запускаецца пры падтрымцы Эўрапейскага Зьвязу і Паўночных краін. У яе межах кожны грамадзянін Беларусі зможа атрымаць стыпэндыю на навучаньне ў бакаляўрыяце альбо магістратуры фактычна любога ўнівэрсытэту ЭЗ. Мяркуецца, што па сканчэньні адукацыі яе стыпэндыяты вернуцца на радзіму дзеля спрыяньня дэмакратызацыі.

Стыпэндыяльная праграма «Адкрытая Эўропа» мае на мэце садзейнічаць разьвіцьцю дэмакратычнай Беларусі шляхам прадастаўленьня маладым людзям доступу да вышэйшай адукацыі згодна агульнапрызнаным міжнародным акадэмічным стандартам. Плянуецца, што выпускнікі праграмы пасьля вяртаньня на радзіму змогуць дадаць уласны ўнёсак у дэмакратызацыю краіны.

Праграму фінансуе Эўрапейскі Зьвяз, а ажыцьцяўляе Рада міністраў Паўночных краін. Стыпэндыя «Адкрытай Эўропы» пакрые ўвесь кошт навучаньня ў выбраным унівэрсытэце, а таксама прадставіць гадавы грант на вандроўку ў Беларусь у памеры 800 эўра, а таксама 1 000 эўра штомесяц дзеля пакрыцьця выдаткаў на пражываньне.

Каб мець магчымасьць атрымаць стыпэндыю, кандыдат павінен быць грамадзянінам Беларусі і мець жаданьне атрымаць ступень бакаляўра альбо магістра ва ўнівэрсытэце адной з эўрапейскіх краін.

Заяўкі будуць разглядацца ад абітурыентаў усіх спэцыяльнасьцяў, але прыярытэт будзе нададзены праву, эканоміцы і сацыяльным навукам, бізнэс-адукацыі, прыродазнаўству, мэдыцыне, інжынэрыі.

Падача заяўкі на паступленьне ва ўнівэрсытэт і на стыпэндыю — два асобныя працэсы. Унівэрсытэты абіраюць студэнтаў згодна іх акадэмічным здольнасьцям і веданьню мовы, у той час як стыпэндыі вылучаюцца на аснове матывацыі. Падаваць заяўку на атрыманьне стыпэндыі можна яшчэ да залічэньня ва ўнівэрсытэт, але канчатковае рашэньне будзе прыянтае ўжо пасьля паступленьня.

Паводле слушнага перакладу adukacyja.info, каб атрымаць стыпэндыю, трэба:

  1. Абраць ад аднаго да трох унівэрсытэтаў і праграму згодна вашым цікаўнасьцям. Калі вы абіраеце два ўнівэрсытэты, то яны павінны быць у розных краінах (калі тры, то два могуць быць у адной краіне).
  2. Запоўніць он-лайн форму на атрыманьне стыпэндыі на сайце праграмы і даслаць да 16 сьнежня 2011. Формы заяўкі, якія паступяць пазьней за дату дэдлайну, будуць перанесеныя на наступны пэрыяд разьмеркаваньня стыпэндый.
  3. Кандыдаты, якія пройдуць папярэдні адбор, будуць запрошаныя на інтэрвію ў Вільню. Яно мае адбыцца з 2 па 13 лютага 2012.

Інфармацыя пра ўмовы удзелу, крытэры адбору, працэдуры запаўненьня і падачы заяўкі месьціцца на сайце праграмы.

+ Аргкамітэт праграмы выступіў з дадатковымі тлумачэньнямі: 3.6 мільёны эўра на адукацыю беларусаў па праграме «Адкрытая Эўропа» разьмяркуюць 5 чалавек

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0574 seconds.