У Менску забаранілі «душэўны канцэрцік для абранай публікі» Вайцюшкевіча
Адменены чарговы канцэрт беларускага музыкі са «сьпісу забароненых». Гэтым разам ахвярай невядомых тэлефонных хуліганаў з райвыканкаму стаў Зьміцер Вайцюшкевіч, які спадзяваўся правесьці «душэўны канцэрцік для абранай публікі» ў кавярні «Містраль».
Як паведамляе «Радыё Рацыя», за некалькі гадзін да пачатку канцэрту Зьмітра Вайцюшкевіча гаспадарам кавярні «Містраль» патэлефанавалі з адміністрацыі Ленінскага раёну Менску і прыгразілі закрыцьцём установы ў выпадку правядзеньня мерапрыемства.
«30 чалавек, якія б прыйшлі на канцэрт, перашкодзілі б сёньняшняму ладу жыцьця ў Беларусі? — пытаецца разьюшаны Вайцюшкевіч. — Напэўна, я маю права называцца вельмі сур’ёзнай пэрсонай, калі такая ўвага з боку мясцовых уладаў — ідэалягічных, эканамічных, якія зьбіраюцца ўводзіць санкцыі супраць гэтых „няшчасных“ арганізатараў — гаспадароў гэтай кавярні. Ці гэта прыклад для ўсіх астатніх, маўляў, ня трэба лезьці ў палітыку».
Канцэрт у невялічкай кавярні «Містраль» плянавалася правесьці сёньня ўвечары. Мерапрыемства асабліва не рэклямавалася — заля ў кавярні можна зьмесьціць каля 50 чалавек.
У сакавіку Зьміцер Вайцюшкевіч разам з праектамі Сяргея Міхалка, Лявона Вольскага, Кевінам Спэйсі, Джудам Лоў і іншымі трапіў у сьпіс музыкаў і творцаў, забароненых у Беларусі. З гэтага часу адкрыта рабіць канцэрты ў нашай краіне пералічаным ў сьпісе асобам і гуртам стала амаль немагчыма.