B:N і Akute сьпеліся ў Re:public

Беларускамоўны рок прырастае рэгіёнамі. Такую выснову можна зрабіць пасьля сумеснага канцэрту бярозаўскага гурта B:N разам з магілёўцамі Akute на пляцоўцы нядаўна паўсталага рок-капішча Менску клюбу Re:public.

Нічога значнага ад гэтага канцэрту чакаць было ня варта: гурт B:N даўна мае сваю нішу і прыхільнікаў. Якая, вядома, не параўнальная пакуль па дынаміцы з магілёўскімі вундэркіндамі Akute, што здолелі за апошні час скарыстацца вялікай колькасьцю музычных магчымасьцяў і нават узяць пару музычных прэмій ад кансэрватыўнай «Песьня году» «Тузіна Гітоў» да разьдзяўбайскай «Басовішча-2010».

У выніку ўвага натоўпу і музычных адмыслоўцаў была троху разьмеркаваная па розных мэтах: калі сцэнарыст, а цяпер яшчэ і прадусар «першага сэрыялу, дзе будуць размаўляць і па-беларуску, і па-расейску» «Вышэй за неба» Андрэй Курэйчык цікавіўся, падаецца, найперш маладымі Akute, то большасьць публікі, відаць, прыйшла найперш на B:N. Дарэчы, нядаўняе зьяўленьне акуляраў Курэйчыка разам зь іх уладальнікам на канцэрце былога рэпера Vinsent’а папярэднічала паўстаньню апошняга ў якасьці актора ў тым самым сэрыяле «Вышэй за неба». Яшчэ, як кажуць кіношнікі, яны дагэтуль шукаюць крутыя гурты для фінальнага канцэрту, што мусіць у мэтах піяру першай сэрыі фільму адбыцца ў лютым у Менску.

Што да Akute, то яны знаходзяцца ў добрай форме, здаецца, ужо асвоіліся на вялікай па менскіх памерах сцэны Re:public і нават маюць новы матэрыял, які пасьпяшаліся прадэманстраваць цягам выступу.

У астатнім магілёўскі гурт, падобна да сваіх вэтэранскіх таварышаў зь Бярозы, сыпаў гітамі і нават запускаў у дзеяньне глядацкі рухавік, што бездакорна выконваў іх немудрагелістыя прыпеўкі кшталту «павольна». Увесь свой набор модных гітарных рыфаў і сумных, але выключна беларускамоўных тэкстаў хлопцы пасьпяхова расшарылі з публікай, з-за чаго ад таго суму не засталося і сьледу: самота пакінула Akute, а ўсьлед за імі і астатнюю частку залі.

Менск атрымаў незаслужанае

Між іншым апошняя патрабуе асобнага апісаньня. Вядучы свой род ад більярднай і вельмі ж савецкай актавай залі, клюб Re:public дакладна не прэтэндуе на намінацыі за лепшы інтэр’ер Менску. Троху разабраўшыся з гукам з часу яго восеньскага адкрыцьця, клюб усё яшчэ не стварае ні тое што хатнюю ці хоць трохі цёплую атмасфэру (апошняя можа быць перададзеная адно што праз гарачыя абдымкі параўнальна інтэлігентнай аховы, што кожны раз пры зьяўленьні заплечніка пускаецца ў пошукі забароненых ёмкасьцяў у ім), аднак прыбівае саўковымі інтэр’ерамі таго ж гардэробу. Домкультураўская спадчына так уелася ў сьцены гэтага месца, што, здаецца, сотня канцэртаў надзвычай заходнеэўрапейскіх музыкаў ня здольная яе вычысьціць. Для такіх месцаў, падаецца, болей падыходзіць рэцэпт менскіх уладаў у іх узаемаадносінах з гістарычнай спадчынай: Зьнесьці, нельга рэканструяваць.

Аднак і такое багацьце сымбаляў у спалучэньні зь вялікай пляцоўкай перад сцэнай і гаўбцамі на вышэйшых паверхах могуць застацца не заўважанымі, бо знайсьці гэтае сакральнае месца без адмысловага гіду па завулках Кунцаўшчыны ня так лёгка: адзіная шыльда з надпісам Re:public здольная абвесьціць аб існаваньні тут культавага клюбу хіба што вокнам будынку, што стаіць у маленькім дворыку насупраць. Выглядае, Менск усё ж такі атрымаў нешта большае за сышоўшы ў нябыт «Рэактар». Але гэты горад заслугоўвае лепшага.

У сваіх інтэрвію перад канцэртам лідэр B:N Алесь Лютыч сьцьвярджаў, што адразу пасьля свайго выступу гурт адправіцца на студыю IQ48 пад Менскам, дзе неадкладна пачнецца запіс трэцяга альбому «безназоўных» (які, дарэчы, таксама троху больш чым безназоўны). У доказ гэтаму хлопцы выканалі нават пару абсалютна новых песень: «Выраю няма» і «Напрыканцы». Ці спраўдзілася абяцаньне бярозаўцаў, праверыць, на жаль, не атрымалася. Але фігура гітарыста IQ48 Яўгена Бузоўскага, які шчасьліва заскокваў у натоўп у часе выкананьня аднаго з гітоў B:N, дэманстравала поўную гатоўнасьць «айкюшнікаў» да такога супрацоўніцтва.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1604 seconds.