15 тысячаў студэнтаў адлічылі ў мінулым навучальным годзе

Цягам мінулага навучальнага году студэнтамі перасталі быць 15 тысячаў чалавек. На думку намесьніка міністра адукацыі Аляксандра Жука, гэта «даволі шмат».

Звычайна, большасьць адлічваецца па непасьпяховасьці. Гэта ў першую чаргу тыя студэнты, якія мелі нізкія балы пры паступленьні. «Ёсьць выпадкі, калі абітурыент, маючы 1, 2, 3 балы (са 100 магчымых па адным прадмеце), станавіўся студэнтам», — сказаў Жук.

Такія абітурыенты «быццам бы залічаныя, але па сваім узроўні падрыхтоўкі не цягнуць, у выніку адзін-два сэмэстры яны вучацца і іх адлічваюць», — цытуе Жука БелаПАН.

Выпраўляюць сытуацыю ў Мінадукацыі будуць усталяваньнем прахадных балаў па тэстах. Адпаведныя пляны былі ўжо агучаныя.

«Можа быць, будзе вызначаны нейкі адзіны працэнт ад ліку абітурыентаў, якія здаюць тэст па тым ці іншым прадмеце, ніжэй за які адзнакі будуць лічыцца адмоўнымі», — сказаў Жук. Паводле яго слоў, напэўна, ніжнія межы будуць рознымі для розных прадметаў: ёсьць больш лёгкія і больш складаныя дысцыпліны.

Зрэшты, 15 тысячаў чалавек ня так шмат, калі ўлічыць, што ў краіне на пачатку мінулага навучальнага году было 462 тысячы студэнтаў. Значыць, ахвярамі загадаў аб адлічэньні сталі толькі 3.2% беларускіх студэнтаў.

Між тым, некалькі дзесяткаў беларускіх студэнтаў былі адлічаныя ў 2011 годзе з-за іх палітычнай пазыцыі. Але кіраўніцтва ВНУ звычайна адкідала сувязь адлічэньня актывістаў з палітыкаў: такіх студэнтаў, як у выпадку шасьцікурсьніцы журфаку БДУ Каці Клімко, звычайна называлі «акадэмічна непасьпяховымі».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.