Беларус выйграў конкурс ААН на лепшы дызайн футболкі

21-гадовы студэнт Менскага інстытуту кіраваньня Фёдар Сіленкоў стаў лепшым эўрапейскім дызайнэрам футболак на конкурсе праведзеным Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Фёдар аказаўся найбольш таленавітым з мужчын, што паспрабавалі ўявіць, як будзе выглядаць сьвет без гвалту над жанчынамі і дзяўчаткамі.

Конкурс на лепшы дызайн футболкі супраць гвалту да жанчын ладзіўся ў межах кампаніі Генэральнага сакратара ААН «Разам спынім гвалт у дачыненьні да жанчын». Лепшаму дызайнэру, які мусіў быць хлопцам ва ўзросьце 18–25 гадоў, абяцалі пляншэтнік Apple iPad 3G.

«Пра конкурс я даведаўся дзякуючы сваёй дзяўчыне, яна скінула мне спасылку. Я паглядзеў, праект падаўся цікавым. Задачай конкурсу было стварыць такі дызайн цішоткі, каб, гледзячы на яе, людзі пачалі суперажываць. Але пры гэтым нельга было адлюстроўваць сцэны гвалту», — сказаў у інтэрвію interfax.by беларускі пераможца конкурсу, які цяпер вывучае дызайн у Менскім інстытуце кіраваньня.

Па словах хлопца, пераможны вобраз нарадзіўся лёгка, бо жыцьцёвая пазыцыя аўтара цалкам адпавядае асноўнай ідэі кампаніі ААН. Так уласная пазыцыя, талент і кемлівасьць прыносяць грунтоўныя здабыткі: у выпадку Фёдара гэта пляншэтнік Apple iPad 3G і вандроўка ў Нью-Ёрк дзеля яго атрыманьня.

Агулам пераможцаў у гэтым конкурсе пяцёра. Хлопец з Мэксыкі стаў лепшым у рэгіёне Паўночная Амэрыка, кубінец — у рэгіёне Лацінская Амэрыка і краін Карыбскага басэйну, танзаніец — у Афрыцы, малазіец — у рэгіёне краін Азіі і Акіяніі. Наш суайчыннік перамог у эўрапейскім рэгіёне.

Вандроўка беларускага студэнта і яшчэ чатырох пераможцаў конкурсу з розных кантынэнтаў у Нью-Ёрк прызначаная на канец лістападу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.