Лявон Вольскі атрымае міжнародную прэмію Freemuse

Беларускаму рок-музыканту Лявону Вольскаму прысуждана прэмія Freemuse Award 2016, якую з 2008 года атрымліваюць людзі і арганізацыі, якія выбітна працуюць на карысць свабоды музычнага выказвання. Музыка атрымае ўзнагароду на цырымоніі ў Стакгольме, Швецыя, у нядзелю 8 траўня 2016 года.

«Лявон Вольскі працягвае даўнюю традыцыю музыкаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія ў сваёй творчасці звяртаюць увагу на істотныя сацыяльныя і палітычныя пытанні. Яны становяцца сімваламі рухаў за грамадзянскія правы, выказваючы праз сваю музыку расчараванне і надзею», – кажа Оле Рэйтоў (Ole Reitov), выканаўчы дырэктар Freemuse.

З нагоды атрымання гэтай навіны Лявон Вольскі адзначыў:

«Для мяне вялікі гонар атрымаць Freemuse Award у гэтым годзе і я вельмі ўдзячны за гэта. Музыка з'яўляецца цэнтрам майго жыцця, з яе дапамогай я распавядаю, за што я люблю Беларусь, і пра тое, што мяне ў ёй непакоіць. Базісам творчасці з'яўляецца свабода ў найчысцейшай форме. Без свабоды няма музыкі і няма праўды – няма праўды ў музыцы. Я лічу гэты гонар узнагародай для ўсіх людзей, якія падтрымліваць мяне у Беларусі, у Еўропе і іншых краінах свету, і для ўсіх людзей, якія дапамагаюць захоўваць свабоду мастацкага выказвання».

Некалькі тыдняў таму з жыцця пайшла Ганна Вольская – жонка, мэнэджэр і творчая муза Лявона. Музыка прысвячае сваю ўзнагароду ёй: «Без яе я б не меў магчымасці ўвесь час займацца музыкай, асабліва ў складаныя моманты».

У сакавіку Лявон Вольскі праз сайт www.lavonvolski.com распачаў збор сродкаў на запіс другой часткі альбома «Грамадазнаўства». Пасля смерці Ганны Вольскай музыка пацвердзіў, што праект будзе рэалізаваны. На сённяшні дзень сабрана 79% неабходнай сумы.

11:50, 25/04/2016 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.