Вядомы вундэркінд-праграміст з Гомеля, што цяпер вучыцца ў Санкт-Пецярбургу, другі год запар перамог у спаборніцтвах Google Code Jam.
Генадзь Караткевіч развязаў 5 з 6 задач за 3 гадзіны 59 хвілін і набраў 155 балаў.
Узнагародай пераможцу сталі 15 000 даляраў і права на ўдзел у фінале Google Code Jam-2016.
Перамога ў спаборніцтвах Google Генадзя Караткевіча стала другой — хлопец ўжо перамагаў у іх летась. Тады ён упершыню змог далучыцца да Google Code Jam, бо толькі дасягнуў паўналецця. У 2013 годзе першае месца на Google Code Jam займаў выпускнік БДУ Іван Мяцельскі.
Google Code Jam — міжнароднае спаборніцтва па праграмаванні, якое ладзіць Google з 2003 года. Спаборніцтва складаецца з набору алгарытмічных задач, якія павінны быць развязаныя за фіксаваны час.
Фота: Code Jam
Генадзь Караткевіч нарадзіўся ў 1994 годзе і сваю першую перамогу ў міжнародных спаборніцтвах па спартовых праграмаванні атрымаў у 11 год. Пасля сканчэння школы ў Гомелі таленавіты беларус працягвае навучанне ў Расеі, ва ўніверсітэце ИТМО, што месціцца ў Санкт-Пецярбургу. Сярод яго поспехаў шэсць медалёў Міжнароднай Алімпіяды па Інфарматыцы і мноства іншых прэстыжных узнагарод. Штогод усё новыя дасягненні хлопца трапляюць у стужкі навін.