Былы прэзыдэнт Польшчы заклікаў даць беларускім студэнтам болей стыпэндый у Эўропе
Былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі лічыць, што Эўрапейскі зьвяз павінен весьці актыўную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, у тым ліку пашыраць праграмы студэнцкага абмену і магчымасьці для атрыманьня стыпэндый у ЭЗ.
Аляксандр Квасьнеўскі. Фота Фонду Віктара Пінчука
«Трэба арганізаваць для студэнтаў, маладых людзей зь Беларусі стыпэндыі ў краінах Эўрапейскага зьвязу. Для нас гэта арганізоўвалі ў Заходняй Эўропе ў
70-80-я гады, і гэта дапамагло», — сказаў Квасьнеўскі, які меў на ўвазе шматлікія праграмы падтрымкі незалежнай адукацыі і думкі польскіх інтэлектуалаў у часы савецкай Польшчы. Заява прагучала ў эфіры украінскай тэлекампаніі «5 каналы», перадаеРБК-Украіна .
Таксама былы прэзыдэнт паскардзіўся на неініцыятыўнасьць палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі:
«Мая парада для Эўрапейскага зьвязу — гэта не сядзець і нічога не рабіць, а мець актыўную палітыку ў напрамку Беларусі. Нам трэба разьвіваць адносіны з грамадзкімі арганізацыямі, зь людзьмі, з палітыкамі з розных палітычных сіл, і дапамагаць ім дзеля таго, каб яны маглі працаваць і выказваць сваё меркаваньне».
Найбольш вядомая стыпэндыяльная праграма для беларускіх студэнтаў за мяжой, названая ў гонар Кастуся Каліноўскага, якраз паўстала ў Польшчы, але ўжо пасьля сыходу Квасьнеўскага з пасады прэзыдэнта.
Але адукацыйныя праграмы ЭЗ пакуль застаюцца амаль цалкам зачыненымі для беларускіх студэнтаў. Напрыклад, у мінулым годзе дзеля ўдзелу ў найбольш папулярнай праграме студэнцкіх абменаў Erasmus Mundus былі запрошаныя толькі 90 беларускіх навучэнцаў, хаця агульная колькасьць удзельнікаў Erasmus дасягае соцень тысячаў чалавек па ўсім сьвеце.