Дзе вучацца дзеці беларускіх рэктароў?

Які лёс выбіраюць для сваіх дзяцей кіраўнікі прэстыжных беларускіх унівэрсытэтаў і Міністэрства адукацыі, і што зь імі здараецца пасьля атрыманьня дыплёму? Мы прасачылі гісторыі дзяцей рэктараў і некаторых топ-чыноўнікаў, якія робяць надвор’е ў беларускай сыстэме адукацыі.

Пра дзяцей рэктара БДУ Сяргея Абламейкі, які рашэньнем Рады ЭЗ уключаны ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, вядома няшмат. Іх у яго двое: сын, які скончыў БДУІР і дачка, што цяпер вучыцца ў завочнай асьпірантуры юрфаку БДУ. Аб гэтым рэктар казаў у некаторых інтэрвію, а таксама пісаў у сваёй кнізе «Кібэрнэтыка жыцьця: развагі акадэміка».

Так склалася, што Маша Абламейка абараняла дыплём ужо ў той час, калі рэктарам ВНУ стаў яе бацька. А нядаўна Марыя выйграла конкурс міжнародных стыпэндый, і БДУ адправіў яе на навучаньне ў Віленскі ўнівэрсытэт у межах праграмы Erasmus Mundus. Шкада, наведаць сваю дачку ў Вільні спадар Абламейка бліжэйшым часам ня здолее: яго шматразовы шэнген ануляваны яшчэ ўвесну.


Дачка Абламейкі на адпачынку ў аўстрыйскім Інсбруку за некалькі месяцаў да сканчэньня БДУ

А вось дачка былога рэктара БДУ, а цяпер кіраўніка Інстытуту Канфуцыя пры тым жа БДУ, Васіля Стражава ўжо 19 гадоў жыве ў Нямеччыне. Яна таксама вучылася ў БДУ, але, гледзячы па розных інтэрвію доктара фізыка-матэматычных навук Стражава так яго і ня скончыла. Затое выйшла за аднагрупніка, які аказаўся адзіным са сваёй плыні, што цяпер зарабляе фізыкай. Па словах былога рэктара БДУ, «фізыкай зарабіць немагчыма», і яго яна «амаль ніколі не карміла». Унукі Стражава — Мікалай і Даніла — цяпер таксама жывуць у Нямеччыне.


Былы рэктар БДУ Васіль Стражаў

Сын рэктара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Яраслаў Шымаў спачатку выбраў акадэмічную кар’еру: пасьля журфаку Маскоўскага ўнівэрсытэту скончыў гістарычную асьпірантуру. І рэалізоўваць свае журналісцкія і навуковыя таленты вырашыў за мяжой: з 1999 году ён жыве ў Празе і працуе… на Радыё Свабода. Што праўда, расейскай, а не беларускай службе. Зрэшты, тое і ня дзіўна: ураджэнец Масквы з пяцьцюдзесяцьцю адсоткамі баўгарскай крыві, Яраслаў называе сябе расейскамоўным журналістам постсавецкага СМІ.

Зьехаў Яраслаў у самым зэніце міністэрства свайго бацькі, да якога пасьля прыляпілася мянушка «творцы беларускага эканамічнага цуду». Праз 11 гадоў спазнаць усе бакі гэтага «цуду» Яраславу на жаль не давялося, затое пару гадоў таму ён трапіў у вялікі міжнародны скандал, зьвязаны з прыездам яго бацькі ў Вену на міжнародную канфэрэнцыю. У аўстрыйскай сталіцы яго чакала адлічаная ім за тры гады да таго студэнтка Тацяна Хома, ды не адна, а з цэлай гвардыяй студэнтаў-пратэстоўцаў. Тыя хоць і не перашкодзілі рэктару БДЭУ выступіць на міжнароднай канфэрэнцыі, затое моцна папсавалі ягоны імідж перад удзельнікамі. Тады ж сын рэктара паспрабаваў заступіцца за бацьку, чым выклікаў цэлы вір крытыкі.

«Мой бацька, як і тысячы беларускіх дзяржслужачых, гуляе па правілах той сыстэмы, якая створана ў нашай краіне», — апраўдваўся за бацьку расейскамоўны журналіст амэрыканскага СМІ Яраслаў Шымаў.


Рэктар БДЭУ Шымаў у час свайго скандальнага выступу ў Вене

Сын іншага рэктара топавага менскага ВНУ — Сяргей Хрусталёў — пяць гадоў правучыўся на факультэце мэнэджмэнту БНТУ. За гэты час ён пасьпеў перавесьціся з платнага на бясплатнае аддзяленьне, прабіцца ў магістратуру і патрапіць у лік нямногіх шчасьліўчыкаў, што атрымалі магчымасьць вучыцца ў той час у магістратуры ў Германіі. Вядома, ніхто не зьвязвае акадэмічныя посьпехі Сяргея з фігурай яго бацькі, што ўвесь гэты час займаў пасаду рэктара БНТУ.


Сын рэктара БНТУ Хрусталёва цяпер вучыцца ў Нямеччыне

Не адстаюць і дзеці адукацыйных чыноўнікаў, тых самых, што, здаецца, робяць усё, каб беларускія студэнты ніколі не пабачылі, як жывуць і пра што думаюць іх аднагодкі зь іншых эўрапейскіх краін. Па інфармацыі ej.by, дачка намесьніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно ўжо даўна жыве ў Галяндыі, а дачка яго былога шэфа, а цяпер галоўнага ідэоляга краіны Аляксандра Радзькова — у Расеі.

Кур’ёзна склаўся лёс дачкі дарадцы міністра адукацыі Віктара Іўчанкава, які паралельна выкладае на журфаку. У 2004 годзе ён спрычыніўся да скандальнага закрыцьця Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску. Унівэрсытэт неўзабаве перабраўся ў Вільню, а праз два гады туды паступіла яго дачка. Праўда, паралельна яна атрымлівае адукацыю і ў бацькоўскім БДУ на філялягічным факультэце.


Віктар Іўчанкаў: бацькі ўнівэры зачыняюць, а іх дзеці туды паступаюць

Такім чынам, усе дзеці высокіх адукацыйных чыноўнікаў, інфармацыя пра якіх хоць нейкім чынам прасачылася ў мэдыі, надалі перавагу беларускай адукацыі, але працягвалі навучаньне амаль абавязкова за мяжой. Прычым менавіта заходняй, куды іх бацькоў часта нават не пускаюць, і для паездак куды яны самі будуюць усялякія перашкоды ў дачыненьні іншых студэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.