Сьвята вулічнай музыкі: Менск vs Вільня

Сьвята вулічнай музыкі, прыдуманае чатыры гады таму ў Вільні, абрынулася на менчукоў у самы нечаканы час — сьвята гораду. У выніку звычайны для гэтай падзеі рэфлекс «зваліць куды падалей» замяніўся на жаданьне паглядзець, што там «нашы ўлады» «стырылі» ў літоўцаў у справе арганізацыі вулічных сьвятаў. Мы ж для чысьціні экспэрымэнту далучылі да справы непасрэднага відавочцу многіх віленскіх сьвятаў, выцягнуўшы былую жыхарку Вільні ў Траецкае.

Галоўная частка менскіх «масавых мерапрыемстваў», пад гэты чыноўнічы штамп на жаль падпала і сьвята музыкі, — гэта, вядома, міліцыя. Яна тут паўсюль: на ўваходзе, дзе больш-менш ветліва цікавіцца: «ёсьць атрутныя рэчывы?», уздоўж усяго Траецкага, дзе на сямі сцэнах і праходзіла сьвята, на гэтым беразе Сьвіслачы і на тым, у поўным камплекце з аўтазакамі. Ля музычных сцэнаў міліцыю замянілі вельмі розныя па вопратцы, але зь нейкім аднолькавым позіркам дружыньнікі БРСМ. У пэўныя моманты імпрэзы нават здавалася, што гледачоў тут меней, чым міліцыі, а сьвята музыкі варта пераймяноўваць у сьвята міліцыі.

«У Вільні ты выходзіш на вуліцу і адчуваеш сябе шампанскім, якой бурліць, а тут ты нейкі таматна-бярозавы сок», — бубніць сабе пад нос, паглыбляючыся ва ўспаміны пра віленскія сьвяты музыкі, Каця. Мы павольна дасьледуем тэрыторыю, гуляючы ад рок-сцэны да дворыку, дзе зашыўся ды-джэй зь нешматлікай сьвітай. — «Там ты адчуваеш сябе свабодным, — працягвае яна, прыгадваючы сваё жыцьцё ў літоўскай сталіцы. — І погляд не ўпіраецца ў міліцыянэраў і дружыньнікаў БРСМ».

Іншы дворык — іншая музыка. Дакладней не музыка, танцы. На іх фоне вясельны фатограф тлумачыць нявесьце, якую пазыцыю заняць для чарговага здымку, а ў нас адразу ўзьнікае плян праносу дзесяткаў літраў алькаголю ў вясельнай спадніцы.

«Іншы варыянт — не праводзіць нічога»

За столікам адной з кавярняў Траецкага ў кампаніі літоўскіх журналістаў бавіць час Андрыюс Мамантавас. У Вільні ён вядомы музыка і аўтар ідэі вулічных сьвятаў. А тут — проста чувак за камэрай. Цяпер Андрыюс зь цікаўнасьцю назірае за тым, як трансфармавалася яго ідэя на зямлі крывічаў.

Андрыюс выглядае стомленым, што не перашкаджае яму выпраменьваць пазытыў. У арганізацыі беларускага сьвята, дзе ён граў ролю кансультанта, ён нічога б не мяняў («нельга перастаўляць мэблю ў кватэры сябра, калі ты толькі госьць»), а сам факт яго правядзеньня ў Менску называе «вялікім крокам».

Літовец імкнецца казаць як мага болей паліткарэктна, абыходзячы вострыя вуглы ў выглядзе міліцыі, забароненых на сьвяце песень і музыкаў ды іншыя вытрымкі беларускага ладу. І намякае, што хацеў бы бачыць пазытыўныя водгукі ў прэсе: у траўні Андрыюс спадзяецца вывесьці музыкаў на вуліцы дзесятку гарадоў па ўсім рэгіёне, і яму патрэбна лагоднае стаўленьне да ідэі менскіх уладаў.

«Трэба ісьці на кампраміс. Бо іншы варыянт — не праводзіць нічога», — кажа Андрыюс.

«Маленькі прарыў»

«Там зусім іншыя людзі. Іх так цікава разглядаць, — абышоўшы за паўгадзіны ўсё Траецкае, мы вяртаемся да першай кропкі — сцэны, якая была пазначаная як „поп“, хаця рознакаліберны рэп, бардаўская музыка ды іншыя прыкметы народнай творчасьці намякалі на зусім іншы пануючы стыль сцэны. — Восеньскія віленцы — гэта песьня. Ты разглядаеш іх вопратку, пацеркі. Хто-небудзь заходзіць у тралейбус, і ў цябе дух захоплівае!».

Нягледзячы на ўсе спробы арганізатараў абмежаваць «маладых людзей зь яшчэ не ўстаяўшайся псыхікай» ад палітычных гуртоў (пад апошнімі разумеліся «Ляпіс Трубяцкі», «Нэйра дзюбель» ды Вайцюшкевіч), там і тут на фэсьце ўзьнікалі асяродкі супраціву. Нехта з маладых безыменных гуртоў напяваў Ляпісаў, а нехта замахваўся нават на Цоя, хаця арганізатары на тое ніяк не рэагавалі. Здавалася, што мужныя дружыньнікі і не заўважылі парушэньняў рэглямэнту.

Сьвята гораду, а таксама мітусьня вакол зацьверджаньня сьпісаў выступоўцаў з выкіданьнем палітычна небясьпечных музыкаў, адмовай найбольш вядомых з адабраных гуртоў выступаць і адмоўнай рэакцыяй на ініцыятыву БРСМ з боку іншых музыкаў наклалі вялізны адбітак на фэст. Зь нечага па задумцы хаатычнага, разьняволенага і вясёлага сьвята ператварылася ў раскіданыя па ачэпленым Траецкім прадмесьці часам пустыя сцэны зь невялікай колькасьцю публікі і вялікай увага дружыньнікаў. Хаця часам выступы таго ці іншага гурта зьбіралі дастатковую колькасьць слухачоў, нейкай сьвяточнай атмасфэры і фэстывальнай разьвяволенасьці тут не было. Былі думкі пра абмежаваньні і гукі канцэрту папсы з таго берагу Сьвіслачы.

«Але мне падабаецца. Штучна створанае Траецкае, музыка, людзі… нідзе такога няма!», — робіць выснову Каця. — «Думаю, тут інакш і не магло быць. Але і тое, што ёсьць — маленькі прарыў».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0794 seconds.