Беларускія ВНУ пяройдуць на эўрапейскую сыстэму адукацыйных крэдытаў

Замацаваньне сыстэмы адукацыйных крэдытаў з улікам патрабаваньняў Балоньскай дэклярацыі прадугледжвае праграма разьвіцьця вышэйшай адукацыі Беларусі да 2015 году, што была прынятая ўрадам у пачатку месяца. Паводле плянаў Міністэрства адукацыі ўжо ў 2013 годзе беларускія студэнты будуць навучацца па эўрапейскай сыстэме крэдытаў, якая дазваляе самім выбіраць дадатковыя дысцыпліны, а таксама лягчэй пераводзіць беларускія дыплёмы ў «замежныя» стандарты.

Да 2013 году беларуская вышэйшая адукацыя мусіць перайсьці на сыстэму крэдытаў ці заліковых адзінак. Гэткае патрабаваньне ўтрымлівае Дзяржаўная праграма разьвіцьця вышэйшай адукацыі на 2011–2015 гады, ухваленая ўрадам 1 ліпеня.

Пераход на новай сыстэмы пабудовы адукацыйнага працэсу зьвязаны з жаданьнем Беларусі далучыцца да Балоньскай дэклярацыі. Таму «ўкараненьне сыстэмы адукацыйных крэдытаў» будзе адбываецца «з улікам патрабаваньняў Балоньскай дэклярацыі» і пройдзе паралельна з распрацоўкай дадатку да дыплёму аб вышэйшай адукацыі ў адпаведнасьці з узорам «Diploma Supplement».

Навучальныя крэдыты прыдумалі, каб аб'яднаць эўрапейскую вышэйшую адукацыю. Крэдыт — гэта адзінкі вымярэньня, з дапамогай якой ацэньваецца складанасьць прадмету. Кожная дысцыпліна «каштуе» некалькі крэдытаў. Складаючы іх разам, можна атрымаць суму крэдытаў, што і будзе адпавядаць узроўню адукацыі выпускніка. Напрыклад, каб атрымаць дыплём «бакаляўра» ў Балоньскай сыстэме, трэба набраць каля 180 крэдытаў. Усе крэдыты, якія набірае студэнт у час навучаньня, пазначаюцца ў дадатку да дыплёму — тым самым «Diploma Supplement», які зараз распрацоўваецца Мінадукацыі.

Крэдыты клясыфікуюцца паводле Эўрапейскай сыстэмы пераносу заліковых адзінак — ECTS. Паводле гэтай сыстэмы, 60 крэдытаў адпавядаюць аднаму году навучаньня, 30 крэдытаў — палове году (сэмэстар). Але краіны могуць зьмяняць стандарты, адаптуючы іх пад свае традыцыі. Напрыклад, у Расеі адзін крэдыт роўны 36 гадзінам навучаньня, у Літве — 40. Гледзячы па папярэднім заявам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, адзін беларускі крэдыт будзе роўны 34 гадзінам.

Сыстэма крэдытаў надае магчымасьць студэнтам самім будаваць уласнае навучаньне, і мець поўную інфармацыю аб патрабаваньнях да яго.

Суседнія зь Беларусьсю Ўкраіна і Расея, хоць ужо даўна падпісалі Балоньскую дэклярацыю, цалкам усе асаблівасьці гэтай сыстэмы яшчэ не адаптавалі. Гэтак, толькі з 2011 году расейскія ВНУ па некаторых спэцыяльнасьцях пяройдуць на чатырохгадовае навучаньне бакаляўраў і двухгадовае магістраў. Крэдытная сыстэма таксама дзейнічае не паўсюль, хаця фармальны стандарт распрацаваны.

Па сьведчаньні былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна, вядучы ўнівэрсытэт краіны мог перайсьці на сыстэму крэдытаў яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Разам з тым, у пераходзе да крэдытнай сыстэмы беларускія адукацыйныя чыноўнікі «нічога складанага» ня бачаць:

«Беларусь даўна ідзе па шляху гарманізацыі адукацыі з эўрапейскай, — казаў у лістападзе мінулага году намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук. — І ў пераходзе на сыстэму крэдытаў няма нічога звышцяжкага». Па яго словах, новыя навучальныя стандарты ўжо адпавядаюць асновам крэдытнай сыстэмы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.