БДУІР будзе залічваць студэнтаў праз электронную пошту

Новую электронную сыстэму залічэньня студэнтаў тэстуюць у Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Дзякуючы ёй абітурыенты змогуць праз электронную пошту самастойна выбіраць спэцыяльнасьць, на якой жадаюць вучыцца. Мяркуецца, што з 2012 году да выкарыстаньня новай сыстэмы залічэньня далучацца іншыя ВНУ Беларусі.


Рэктар БДУІР, неўязны ў ЭЗ з-за палітычных адлічэньняў студэнтаў Міхаіл Батура (на фота ў цэнтры) ганарыцца, што сёлета ўнівэрсытэт разьмеркаваў 100% выпускнікоў. Фота bsuir.by

Сыстэма «Электроннае залічэньне на некалькі спэцыяльнасьцяў у парадку прыярытэту», распрацаваная ў адной зь лябараторый БДУІР па замове Міністэрства адукацыі, пачала дзейнічаць у яшчэ ў чэрвені.

Як распавёў агенцтву «Мінск-Навіны» прарэктар па навучальнай працы і інфарматызацыі ВНУ Барыс Нікульшын, дзякуючы сыстэме ўжо ў час праходжаньня ЦТ абітурыенты маглі выбраць спэцыяльнасьць, куды б хацелі паступіць. Будучыя студэнты могуць выбраць адразу тры спэцыяльнасьці, запоўніўшы адмысловы блянк.

Пасьля электронная сыстэма апрацоўвае вынікі тэставаньня, разьмяркоўваючы іх па выбраным сьпісе будучых студэнтаў. Калі абітурыент па балах не адпавядае першаму з названых варыянтаў, то сыстэма пралічвае магчымасьць паступленьня на іншыя дзьве спэцыяльнасці. Вынікі адпраўляюць абітурыенту па пошце.

Празь некалькі гадоў электронную сыстэму залічэньня плянуюць увесьці ва ўсіх ВНУ Мінадукацыі. Першапачаткова плянавалася, што электронная падача дакумэнтаў дазволіць стаць абітурыентам адразу некалькі ВНУ, а будучы студэнт сам адбудуе рэйтынг унівэрсытэтаў, дзе б ён хацеў навучацца. Галоўнай праблемай для выкарыстаньня такой сыстэмы ёсьць льготы некаторых абітурыентаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0657 seconds.