«Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» пачалася з арыштаў

Разам з новым тэрмінам «актывіст сацыяльных сетак» у Беларусь прыйшлі новыя мэтады барацьбы са спробамі агітацыі супраць улады — арышты і закрыцьці груп у Vkontakte. Хто яны, рэвалюцыянэры 21 стагодзьдзя?

Эканамічны крызыс прынёс у Беларусь ня толькі шматдзённыя чэргі ў абменьнікі, дэфіцыт і дэпрэсьняк, але і прагу зьменаў. Традыцыйныя палітыкі, якіх прынята называць апазыцыйнымі, настроям гэтым адпавядаць ня могуць: хто пад сьледзтвам, хто па судах, а нехта ўвогуле за мяжой. Ініцыятыву падхапілі маладыя людзі з абласных цэнтраў. Так у краіне паўстаў новы вобраз беларускага рэвалюцыянера пакаленьня Y: прашараны юзэр Vkontakte, які здольны да напісаньня тэкстаў-заклікаў у некалькі абзацаў, маляваньня аватарак і дадаваньня ў новаствораную групу іншых юзэраў.

Нечаканай «рэвалюцыйнай кропкай» стала Берасьце, адкуль паходзяць стваральнікі групы Vkontakte пад яскравым назовам «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку [Беларусь]" (цяпер ужо ананімныя). У цяпер ужо ананімных стваральнікаў суполкі ўсё проста і зразумела: у вызначаны дзень і гадзіну прыйдзі на галоўную плошчу твайго гораду і патусуйся там з такімі ж, як і ты. Глядзіш, зразумееш, што людзей з тваімі перакананьнямі болей, чым ты думаеш.

Разьлік звычайны для суполак у сацыяльных сетках: на сустрэчу трэба паклікаць як мага болей людзей, і можа 1% з тых, хто падпісаўся, сапраўды далучацца. Ну, а астатнія, прынамсі, будуць ведаць пра падзею.

Першая спроба «рэвалюцыі» атрымалася не надта яскравай (хаця для Беларусі і гэта — падзея). У прызначаны час у Берасьці дзесятак людзей сталі на плошчы Леніна ў кола, і ў такім становішча бавілі час паўгадзіны, пасьля чаго разышліся. Прыкладна тое ж самае адбылося і ў некаторых іншых гарадах: Магілёве, Менску, нават Рэчыцы. Па зьвестках удзельнікаў, міліцыя да акцыі цікаўнасьці не праявіла.

KGB супраць Vkontakte

Але празь некаторы час спэцслужбы схамянуліся і пачалі пошукі «актывістаў сацыяльных сетак». Пад гарачую руку патрапілі некалькі адміністратараў даволі папулярных беларускіх груп Vkontakte: выключаны зь юрфаку БДУ Сяргей Паўлюкевіч, які кіраваў суполкай «Мы за Вялікую Беларусь», дзе было болей за 120 тысячаў сяброў, Зьміцер Няфёдаў — адміністратар буйнейшай палітычнай беларускай суполкі «Рух будучыні», і Ян Стасюк, што займаўся суполкай «3 ліпеня — Усебеларускі народны сход». Апошняя, дарэчы, мае зусім невялікую колькасьць удзельнікаў.

Затрыманьні кіберактывістаў па ўсіх законах жанру адбываліся ў простым сеціўным этэры:

«Толькі паклаў дзіцёнка спаць, брыдота з кдб у дзьверы тэлефануе. Прапанаваў вярнуцца з позвай і выключыў званок. Хуліганы, мабыць))))», — пісаў перад затрыманьнем Зьміцер Няфёдаў.

Некаторых актывістаў паспрабавалі судзіць за хуліганства, але працэсы разваліліся, некаторых адпусьці адразу пасьля «прафіляктычных гутарак». Адначасова на выходных прыйшлі паведамленьні аб новых выдаленых суполках Vkontakte, бо за іх стваральнікамі распачаўся «сур’ёзны палітычны перасьлед». Нехта, як уладальнік групы «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» Андрэй Ткачоў, «пераехаў на кансьпіратыўную кватэру» і працягнуў сваю кібэрдзейнасьць адтуль, нехта зусім зьнік, а ў кагосьці супрацоўнікі КДБ наўпрост з хатняга кампутара выдалілі ўсе зьвесткі з груп. Празь некаторы час усе затрыманыя адміністратары вярнуліся да хатніх кампутараў і пачалі аднаўляць паролі і акаўнты, што праз адміністрацыю Vkontakte аказалася зрабіць вельмі нялёгка.

Але акцыя КДБ, выглядае, усё ж мела абмежаваны посьпех. Актывісты кажуць, што аднавілі кантроль над выдаленымі сустрэчамі і пашкоджанымі групамі і абяцаюць працягнуць дзейнасьць. Хаця некаторыя суполкі ўсё ж згубілі ўвесь кантэнт, акрамя сьпісу ўдзельнікаў.

Як гэта бывае: Туніс і Эгіпет

Апошняя хваля «рэвалюцый у сацыяльных сетках» расьцяклася па сьвеце менавіта ў час апошніх падзей у Тунісе, а пасьля была падхопленая ў Эгіпце. Для падзей у абедзьвюх краінах была агульнай адна рэч: пратэст разгараўся пасьля зьяўленьня ў інтэрнэце (YouTube) відэа альбо інфармацыі пра людзей, што выступілі супраць рэжыму і пацярпелі. У Тунісе 26-гадовы Махамед Боазізі падпаліў сябе ў знак пратэсту супраць эканамічных праблем — даведаўшыся пра гэта людзі падхапілі пратэст, здымкі зь якога хутка разышліся па сацыяльных сетках, у першую чаргу Фэйсбуку. Пасьля выявы падхапілі і яшчэ болей распаўсюдзілі традыцыйныя СМІ.

У Эгіпце сацыяльныя сеткі гралі істотную ролю ў мабілізацыі пратэстаў яшчэ да рэвалюцый. Старонка ў Фэйсбуку «We Are All Khaled Said», створаная ў гонар 28-гадовага эгіпэцкага бізнэсоўцы, што быў насьмерць зьбіты паліцыяй у пачатку пратэстаў, яшчэ да рэвалюцыі налічвала болей за 300 тысячаў удзельнікаў. Пасьля яе колькасьць сяброў суполкі «пераваліла» за мільён.


Рэвалюцыйныя старонкі: Фэйсбук-старонку «We Are All Khaled Said» «залайкілі» болей за 1 мільён чалавек

У Тунісе ролю кібэр-рэвалюцыянэраў узялі на сябе 15 маладых людзей, што па 18 гадзін сядзелі ў Фэйсбуку і аднаўлялі старонкі з апошняй інфармацыяй аб пратэстах. У Эгіпце некаторыя з такіх актывістаў увогуле жылі па-за межамі краіны, але з пачаткам пратэстаў вярнуліся і былі амаль адразу ж арыштаваныя.

Але ў адрозьненьні ад беларускіх калег, тамтэйшыя актывісты здолелі лепей захаваць ананімнасьць, робячы сваю справу ў правінцыйных гарадках, як гэта пакуль атрымліваецца, напрыклад, у стваральніка сайта prokopovi.ch, якога ня першы тыдзень шукае беларуская пракуратура.

Фэйсбук як інструмэнт рэвалюцыі

«Тэхналёгіі новых мэдыя не пагражаюць дыктатарам; яны выкарыстоўваюцца, каб засьпець дыктатара зьнянацку. Сёньня быць эфэктыўным сацыяльным рухам — значыць выкарыстоўваць сацыяльныя мэдыі», — такую выснову робяць эгіпэцкія аналітыкі ў дасьледаваньні, прысьвечаным уплыву грамадзянскай журналістыкі на арабскія рэвалюцыі.

Галоўнай сацыяльнай сеткай арабскіх пратэстаў стаў Фэйсбук. Цікаўнасьць да яе ўзрасла асабліва ў час рэвалюцыі. Але ў Беларусі пакуль крыху болей за 2% насельніцтва зарэгістраваныя ў гэтай сацыяльнай сетцы. І ў апошні час колькасьць беларускіх сяброў Фэйсбуку ўпершыню пачала скарачацца. Выглядае, што пакуль гэта сацыяльная сетка застаецца хутчэй элітным клюбам усёвідушчых інтэлектуалаў і імігрантаў, чым месцам, дзе можа паўстаць беларускі варыянт «We Are All Khaled Said». Зрэшты, выдаленьні буйных груп і арышты далі адказ на бясконцую спрэчку аб тым, што лепей, Facebook ці Vkontakte.


Гледзячы па ўсім, беларускія спэцслужбы адчулі новамэдыйны трэнд, але змагаюцца яны зь ім пакуль старымі мэтадамі. Ці эфэктыўныя яны дагэтуль, пакажа час, але пакуль людзі па-ранейшаму далучаюцца да пратэстных суполак Vkontakte. Адна зь іх ужо сёньня арганізуе чарговую акцыю — на гэты раз з нагоды падвышэньня коштаў бэнзіну. Удзел у акцыі абяцаюць узяць ужо 1 000 чалавек.

Замест «Лістоў з-пад шыбеніцы» — прыватныя паведамленьні Vkontakte, замест шабляў і рысакоў — клявіятура, у ролі касынэраў — мільёны беларускіх юзэраў. Беларускія «кібэр-рэвалюцыянэры» маюць яшчэ адну агульную рысу — відавочнае жаданьне жыць у Беларусі і хоць неяк зьмяняць яе. Гэтак, двое з трох затрыманых падчас кібэр-выходных КДБ ужо маюць дзетак. Хаця, відавочна, узяўшы на сябе адказнасьць за вялікія палітычныя суполкі ў сацыяльных сетках, гэтыя людзі не падумалі пра ўласную бясьпеку і ананімнасьць у Сеціве.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0888 seconds.