«ДАХ» абрынуўся: сёлета фэсту арт-экспэрымэнтаў ня будзе

Арганізатары штогадовага фэстывалю экспэрымэнтальнага мастацтва «ДАХ» абвясьцілі аб спыненьні падрыхтоўкі да чарговага фэсту. Мастакі «ў страшэннай роспачы» параўноўваюць цяперашнюю Беларусь з «самымі змрочнымі» камуністычнымі часамі. Фэст мусіў адбыцца восеньню ў Палацы мастацтваў.


Адзін з арганізатараў "ДАХу" мастак Алесь Родзін

Фэстываль лічыўся буйнейшым выставай экспэрымэнтальнай творчасьці ў Менску, і ў апошнія два гады праводзіўся рэгулярна ўвосень. Аднак палітычны клімат, гледзячы па заявах арганізатараў «ДАХу», адбіўся і на сучасным мастацтве.

«Магчыма, што для вас будзе нечакана і непрыемна тое, што у гэтым годзе фэстывалю ДАХ ня будзе, — пішуць мастакі Алесь Родзін і Зьміцер Юркевіч у сваім звароце з нагоды адмены фэстывалю. — Мы вырашылі спыніць падрыхтоўку, якая да нядаўняга часу ішла поўным ходам. Вымушаныя таксама даць адбой тым, каго запрасілі да ўдзелу».

Адмену фэсту арганізатары тлумачаць цэнзурай, якой займаецца кіраўніцтва Саюзу мастакоў Беларусі. Па іх словах, творцы адчулі гэта ў час нядаўняй выставы суполкі «Пагоня» ў Палацы мастацтваў. На гэтай жа пляцоўцы мусіў адбыцца і «ДАХ».

«Тое, што адбылося ў сярэдзіне сакавіка на адкрыцьці юбілейнай выставы суполкі „Пагоня“ — дзіва дзіўнае! Да ўдзелу ў выставе „Пагоняй“ афіцыйна былі запрошаныя „Ахвяры Мастацтва“: мастакі Алесь Родзін (Дзю) і Зьміцер Юркевіч (Мітрыч)».


Адна з "забароненых" карцін на выставе суполкі «Пагоня»

«Спачатку кіраўніцтва Саюза Мастакоў ставіць пад пытаньне правамоцнасьць прысутнасьці твору Алеся Родзіна на выставе, маўляў, ён ня сябра „Пагоні“. Нарэшце, зь вялікай цяжкасьцю, твор увайшоў у экспазыцыю».

Але вось пэрформанс Зьміцера Юркевіча так і не адбыўся. За 30 хвілін да ўзгодненай і чаканай дзеі мастак, па яго словах, пачуў ад кіраўніка Саюзу мастакоў Уладзіміра Савіча «Каб нагі тваёй тут болей не было!».

«Мітрыч — вядомы пэрформэр як у Беларусі, так і за межамі краіны, таму такая забарона нагадвае самыя змрочныя часы камуністычнай цэнзуры і, зразумела, аніяк не ідзе на карысьць разьвіцьцю мастацтва Беларусі», — пішуць арганізатары «ДАХУ».

«Таму Мітрыч і Дзю ў страшэннай роспачы, не атрымаўшы дагэтуль з боку кіраўніцтва Саюза Мастакоў аніякага афіцыйнага тлумачэньня інцыдэнту, спынілі ўсялякую падрыхтоўку да восеньскага фэстывалю АСТРА-ДАХ-15, які меўся адбыцца ў менскім Палацы мастацтваў».

Мінулы фэстываль «ДАХ» запомніўся ў тым ліку выступамі музыкаў з розных краін і шматлікімі пэрформансамі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.