Басовішча са смакам імбіра

Тры пары зацікаўленых натхнёных вачэй сьвідравалі мне сьпіну, пакуль машынка жвава несла нас па знаёмым маршруце да памежнага пераходу. Гэтыя трое ехалі на фэст упершыню. Ім пашэнціла атрымаць візы. Начутыя гісторыяў, яны прагнулі выступаў беларускіх рок-гуртоў «без цэнзуры» ды былі гатовыя да падрыву здароўя півам з сыропам і кілбаскамі. 22-е «Басовішча» чакала кагосьці ў першы раз, кагосьці ў сёмы ў традыцыйным Гарадку на тэрыторыі сучаснай Польшчы ў 15 кілямэтрах ад беларускай мяжы.

Дзядзька ў двары сядзібы з надпісам Noczlegi радасна паціраў рукі. Штогод яму ўдаецца здаць музыкам і гасьцям «Басовішча» зь Беларусі ўсе спальныя месцы ў доміках у двары, газон пад намёты ды яшчэ і ў лазьні можна пакласьці некалькі расьпешчаных польскім півам арганізмаў. Фінская лазьня не пуставала й гэтым разам. А намётавы гарадок непасрэдна на фэстывалі, раскінуты як і мінулым разам на паляне сярод лесу, арганізатарам давялося пашырыць напрыканцы першага дня фэсту.

У майках «Басовішчаў» розных гадоў, з дрэдамі і іракезамі, спальнікамі ды пляшкамі піва — на бясплатны фэстываль беларускай музыкі ў Гарадок як і год таму, і пяць, спаўзаліся музычныя прыхільнікі з ваколіцаў. Запраўку з кавярняй традыцыйна акупавалі рознаўзроставыя кампаніі, не баючыся раўці дружным і ня вельмі хорам беларускія песьні ды замацоўваць сустрэчы і знаёмствы актуальным у гэтым сэзоне тостам ШОС. Прыбіральня й душ на запраўцы зноўку прадбачліва зрабіліся платнымі на час «Басовішча».

Намётавы гарадок гучаў польска-беларускай мяшанкай ды хрустам бляшанак ад піва. Журналісты бегалі вакол сцэны, выцягваючы віпаў і ня толькі на простыя эфіры з штогадовымі пытаньнямі, што такое фармат Басовішча і ці не загінаецца яно. То тут, то там мільгацела доўгая постаць журналіста, аўтара культавай кнігі «Іх Мроя. Іх N.R.M.» Віктара Дзятліковіча, які стараецца не прапускаць «Басовішча» ў гэтым стагодзьдзі. Прыхільнік «Нэйра Дзюбеля» Zalgiris як і ў папярэднія 10 год трымаўся за поручань у першым шэрагу пад сцэнай. Вольная сцэна традыцыйна праходзіла з вольнымі лаўкамі — самыя авантурныя яшчэ спалі, а большасьць ужо аглядала паліцы беластоцкіх гіпэрмаркетаў, каб з абноўкамі вярнуцца на галоўныя гурты ў праграме.

Гурт Akute, які год таму стаяў на драўлянай сцэне «Басовішча», трымаючы ў рукох хэндмэйдавы сэртыфікат пераможцы конкурсу, цяпер годна прадставіў вынік перамогі — першы альбом. Яшчэ адныя канкурсанты мінулага году — менскія мэталісты з магутным дзявочым вакалам Exist-M — сёлета зачынялі праграму першага дня. Упэўненая праграма з фаершоў і размовамі між песьнямі ня толькі пратрымала стомленую насычаным днём беларуска-польскую публіку пад сцэнай, але й забясьпечыла гурту «біс».

Эмацыйнае шоў выдаў праект вядомых польскіх музыкаў R.U.T.A. — песьні чатырох стагодзьдзяў на тэму бунта й нядолі ў сучаснай апрацоўцы. 14 чалавек на сцэне гралі на старадаўніх інструмэнтах, услаўлялі змагароў за свабоду, абураліся панам, несправядлівасьці і дыктатуры. Тэму супольных праектаў на другі дзень працягнуў украінскі этна-гурт «ДахаБраха» пры падтрымцы нашых PortMone. Музычны транс на мяжы. Фэст пражываў пачутае з заплюшчанымі вачыма.

Сьціплы вядучы Андрэй Такінданг заклікаў канкурсантаў змагацца не за прызы, а за любоў гледача. Ягоны гурт «Гаротніца» акурат любоў гледача на фэсьце і атрымаў, а грашовы прыз па рашэньні журы зьвезьлі менчукі Yellow Power.

Стомленыя сцэнай госьці маглі знайсьці сябе ў тэматычных майстар-клясах альбо разнастаіць рацыён у альтэрнатыўным бары півам зь імбіровым сіропам. Для фэсту, якому пайшоў трэці дзесятак, «корань даўгалецьця», як называюць імбір, прыправа вельмі сымбалічная.

На завяршэньне адным энэргетычным блёкам выступілі Neuro Dubel і IQ48. Neuro Dubel выступіў у чатыры гітары ды сабраў з ваколіцаў усіх беларусаў і ня толькі. Луналі сьцягі, зьбіваліся ў слэме ногі, зрываліся галасы. А IQ48 раскрылі ў басовішчным лесе таямніцу трэцяга альбому, прэзэнтаваўшы некалькі новых песень.

На выступах гуру беларускай альтэрнатыўнай сцэны заўжды адольвае лёгкае пачуцьцё суму — фэст завяршаецца. У чырвоным сцэнічным сьвятле над дружным натоўпам гойдаюцца сьцягі, а па целе прабягае сырая прахалода ад начнога борыку. Аднак ноч не пужае нават дзяцей. Сёлета на фэсьце асабліва шмат маладых сем’яў зь дзецьмі. Так, для дачкі маіх сяброў з Гарадка гэта ўжо чацьвертае «Басовішча» — бялявая дзяўчынка ходзіць на беларускі фэст з нараджэньня.

«Няма такой прычыны, па якой я б не паехаў на Басовішча. Традыцыя», — кажа, пацягваючы разьліўное піва, Дзятліковіч у майцы «Басовішча-2003». Штогод ён робіць сабе візу ў польскім кансуляце ў Маскве. Побач за сталом, на фоне сьцяны са сьвежымі графіці «Жыве Беларусь!» кампанія беларусаў ладзіць імправізаваны канцэрт пад акустычную гітару. Пляскаюць у далоні, выкрыкваюць лёзунгі і беспакарана зьбіваюцца ў групы. Па той бок мяжы пры вяртаньні з гэтай «Беларусі» ў тую заплечнікі з складзенымі на скорую руку пашпартамі, швэдрамі і дажджавікамі будуць старанна пратрасаць беларускія мытнікі. Аднак тыя трое нашых спадарожнікаў, падаецца, таксама ўжо пачалі адлік сваіх «Басовішчаў». І прыедуць яшчэ. Калі будуць мець візы, канешне.

Нашыя традыцыйныя фотарэпартажы з Басовішча: 

Агульны фотарэпартаж з Басовішча-2011 by Юра Сідун.
Агульны фотарэпартаж з Басовішча-2011 by Юля Сакалоўская.
Хто зробіць Басовішча праз 10 год (самыя малыя гледачы фэсту).
Больш здымкаў з фэсту глядзіце ў двух (1,2) вялікіх фотаальбомах на нашай старонцы ў Facebook. Далучайцеся, адзначайце сябе і знаходзьце знаёмых!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.