Умка: «Рок патрэбны там, дзе трымаюць за горла»

Абсалютна бясплатны, разьняволены і лёгкі оўпэн-эйрны канцэрт Умкі сабраў усіх, хто ня здолеў зваліць зь Менску ў разгар летняга сэзону.

«Мне заграница не нужна,
Меня бесплатно кормит вся страна», — сьпявачка Умка зьвяртаецца да слухачоў з дзьвюх сотняў маладых людзей, што сталі колам ля яе, ці разваліліся на бэтонных аскепках вялізнага непрацуючага фантану за менскім Палацам мастацтваў.

Расейцы «Умка и Броневик» ня першы раз даяжджаюць да Беларусі. Былі ў іх тут і кватэрнікі, і больш афіцыйныя канцэрты. І як заўжды гітарная музыка гурту абуджае ў памяці застаўшыхся ў 70-х Velvet Underground і Pink Floyd. А тэксты прафэсійнага філёляга Ганны Герасімавай дапаўняюць непатрэбную і неўласьцівую мэйнстрыму 2000-х атмасфэру свабоды, што складваецца на канцэртах «Умкі». Недарэмна тэксты Ганны даўна сталі часткаю фальклёру сучасных гіпі.

Хаця сама Ганна больш ня мае «неабмежаванага часу» для гіпарскага ладу жыцьця ды й стопам больш ня езьдзіць. «Я старая і непрыгожая, і мяне ніхто не бярэ», — жартуе Ганна.

Нельга прыдумаць лепшага месца для менскага канцэрту Умкі, чым такі ж разьняволены і свабодны, як і яе творчасьць, фэст «Дах-Жах-11», у межах якога праходзіць канцэрт. Да кляснага месца для тусоўкі на заднім дворыку Палацу мастацтваў дадаецца магчымасьць халяўнага канцэрту: як тут не пабачыць палову «менскай тусоўкі»? Тую яе няшчасную палову, што не пасьпела ці ня здолела зваліць у разгар гарачыні са сталіцы. Хаця б у той жа Крым, што так шмат і так ахвотна апявае Умка.

«Не тупіце, прыяжджайце да нас у Крым, там будзе шмат нашых бясплатных канцэртаў», — кажа Ганна.

Акрамя бясплатных канцэртаў сьпявачцы няма чаго прапанаваць прыхільнікам: усе дыскі яе былі распрададзеныя на папярэднім канцэрце ў Вільні, пасьля якога Умка, уласна, і прыехала ў Беларусь.

«У Вільні прыйшло чалавек 100. І публіка была іншая, чым тут, — упэўнена і адначасова нязмушана кажа Умка. І дадае: Рок патрэбны там, дзе трымаюць за горла».

Пайшоў дождж, бліскавіца асьвятліла пранізанае начной сьпякотай менскае паветра. Дыхаць стала лягчэй, а музыка дарабіла справу, адчыніўшы новы канал камунікацый паміж публікай і сцэнай, паміж людзьмі.

Міжнародны фэстываль нененеэкспэрымэнтальнага мастацтва Дах-Жах-11 пад кодавым назовам «Цёмныя Таямнiцы Мозга» неафіцыйна распачаў працу ў Менску два тыдні таму. Музыкі, лiтаратары, пэрформэры, тэатральныя суполкi ды іншыя адарваныя творцы штодня ў Палацы мастацтва. Далейшую праграму фэсту можна паглядзець тут.


Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.068 seconds.