Маскевіч санкцый не баіцца

Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч лічыць, што ні забарона ўезду ў ЭЗ рэктару БДУ, ні іншыя праблемы ў адносінах Беларусі і ЭЗ ня здолеюць прыпыніць уваходжаньне краіны ў Балоньскую сыстэму.


Сяргей Абламейка (у цэнтры) застанецца дома. Фота bsu.by

Міністар адукацыі ня здольны патлумачыць факт прысутнасьці ў сьпісе чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Эўрапейскі зьвяз, прозьвішча рэктара БДУ Сяргея Абламейкі:

«Я гэта разглядаю як цалкам неканструктыўны падыход. Я думаю, што БДУ як раз у большай ступені гатовы да ўзаемадзеяньня з партнэрамі ў Эўропе», — цытуе БелаПАН словы Сяргея Маскевіча.

Рэктар БДУ Абламейка Сяргей Уладзіміравіч унесены ў сьпіс пад нумарам 84, сярод іншых дзяржаўных чыноўнікаў, сілавікоў, судзьдзяў і прапагандыстаў. Ён ў 2009 годзе прыняў рашэньне адлічыць з унівэрсытэту студэнтку Тацьцяну Шапуцьку. Дзяўчына зьвязала гэта зь яе палітычнай актыўнасьцю. Цяпер яна спрабуе аднавіць справядлівасьць праз ААН.

Пра пагрозы новых палітычных адлічэньняў ня раз заяўлялі ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Уплывовы Эўрапейскі студэнцкі зьвяз нават казаў, што адлічэньні могуць прыпыніць Беларусь на шляху ў Балоньскі працэс. Зрэшты, міністар адукацыі эўрапейскіх студэнтаў не баіцца:

«Я ня бачу падставаў для прыпыненьня працэсу ўваходжаньня Беларусі ў Балоньскі працэс», — перадае словы міністра БелТА.

У сьпіс неўязных унесенае таксама прозьвішча былога міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, які цяпер працуе ў адміністрацыі прэзыдэнта.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0587 seconds.