Выбары он-лайн: ТОП-7
ТОП-7 галоўных крыніц інфармацыі для тых, хто зьбіраецца сачыць за ходам і вынікамі выбараў он-лайн.
Беларускія выбары ўсьлед за выбаршчыкамі выходзяць у Сеціва. Цяпер кожны можа ня проста чытаць і камэнціць паведамленьні інфармацыйных агенцыяў і блогераў аб выбарчых баталіях, але і сачыць за скрынямі на ўчастках у простым этэры, ці бачыць, як растуць «слупкі-адсоткі», аддадзеныя выбаршчыкамі за таго ці іншага прэтэндэнта адначасова з, а мо і раней за ЦВК. Мы выбралі 7 галоўных мэдыя-рэсурсаў, якія могуць быць карыснымі 19 сьнежня.
1. Electby.org і bygolos — выбары на плятформе назіраньня за стыхійнымі бедзтвамі
Для прыхільнікаў геаграфіі, а таксама фанаў прадуктаў ад Apple адмыслоўцы забацалі сайт грамадзянскага назіраньня за выбарамі, створаны на плятформе маніторынгу падзеяў у гарачых кропках сьвету. Кропак на сайце мноства, але ўсе яны ў Беларусі. Кожны можа даслаць паведамленьне аб парушэньні выбарчага заканадаўства на сайт, пазначыўшы месца падзей. У выніку на мапе ад Google можна будзе пабачыць, дзе ў нас болей за ўсё парушэньняў адбываецца. Арганізатары абяцаюць ставіць усё як ёсьць, без цэнзуры. А адной з матывацый для сваіх інфарматараў яны прапануюць магчымасьць выйграць Ipad.
Тую ж самую плятформу выкарыстоўвае расейскае служба «Голаса Амэрыкі» ў сваім сабпраекце bygolos. На сайце пераважна паведамленьні з трэціх крыніц, хаця ёсьць і ўнікальная інфармацыя ад звычайных юзэраў. У астатнім bygolos — блізьнюк Electby.org.
Першае месца хутчэй не канкрэтнаму праекту, а добрай плятформе з брацкай па няшчасьці Кеніі.
2. pyx.by — Афіцыйныя вынікі галасаваньня он-лайн
Грамадзкае аб’яднаньня «Рух за Свабоду» стварыла сайт pyx.by, на якім у рэальным часе можна будзе пабачыць вынікі галасаваньня на 634 выбарчых участках па ўсёй краіне, а таксама за мяжой. Афіцыйныя вынікі падліку наўпрост з выбарчых участкаў будуць перадавацца назіральнікамі (кожны ўжо атрымаў унікальны код) у офіс кампаніі і апэратыўна разьмяшчацца на pyx.by.
На думку актывістаў кампаніі, пры параўнаньні вынікаў галасаваньня ў асноўны дзень і вынікаў за час датэрміновага галасаваньня «можна будзе меркаваць пра ўзровень фальсыфікацый».
Цікава, што он-лайн вынікі галасаваньня будуць прыходзіць у тым ліку з-за мяжы. Назіральнікі кампаніі прысутнічаюць у Бэрліне, Боне, Маскве, Будапэшце, Празе, Рыме і Вашынгтоне. Каардынатары праекту асобна адзначаюць, што сайт даступны з мабільнага тэлефону.
Другое месца за арыгінальнасьць.
3. Скрыні галасаваньня ў простым этэры
На сайце naviny.by у простым этэры бачныя тры скрыні для галасаваньня з участкаў у Менску і Слуцкім раёне. Якасьць трансьляцыі даволі добрая, нават бачна, як уначы нехта каля скрыняў ходзіць. Дарэчы, тэхнічны бок трансьляцыі арганізаваў Белтэлекам. Праўда, як заўважаюць некаторыя аматары паглядзець он-лайн відэа, трансьляцыі Белтэлекама, бывае, перарываецца і замест скрыняў выпадковыя назіральнікі бачаць чорны квадрат.
На другім і трэцім месцы апынуліся два найбольш арыгінальных мэдыя праекты беларускіх выбараў: такога ў нас дакладна яшчэ не было.
4. minsk_by — сівая даўніна
minsk_by — гэта надзвычай папулярнае ў часы прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году кам’юніці ў Livejournal. У пэрыяд сакавіцкіх хваляваньняў там можна было знайсьці ўсё: ад адрэсы чульлівых мінакоў, што гатовыя былі разьмесьціць ва ўласнай кватэры наведвальнікаў намётавага гарадку з рэгіёнаў, да апошняй інфармацыі пра прадукты і рэчы, якіх не хапала гэтым жа самым мінакам і наведвальнікам празь некалькі дзён сядзеньня ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. Дадаваць допісы ў кам’юніці можа кожны юзэр ЖЖ. Але ж прыйдзецца прыдумаць нейкую зачэпку, каб пост тычыўся Менску. Інакш выдаліць могуць.
Чацьвертае месца за даўніну і аўтарытэт.
5. Twitter #electby — трындзім разам
#electby — гэта вядомы яшчэ зь мясцовых выбараў 2010 году хэш-тэг, якім юзэры Твітэру пазначаюць свае допісы на выбарчую (апошнім часам неабавязкова) тэматыку. Можна і ня быць юзэрам гэтай сацыяльнай сеткі, каб сачыць за паведамленьнямі ад праваабаронцаў, назіральнікаў, журналістаў ці простых мінакоў, што прагульваюцца (канешне ж, зусім выпадкова) па #ploscha. Той самай.
Ідэя добра вядомая за мяжой, але ў Беларусі пэўнага плёну (прынамсі, інфармацыйнага) пакуль не прынесла.
6. Зафрэндзі кандыдата
За час прэзыдэнцкай кампаніі кандыдаты панастваралі сабе акаўнтаў у сацыяльных сетках. Глядзім наш агляд профілей кандыдатаў у Facebook і Vkontakte і тэрмінова фрэндзім усіх. Можа пашанціць, і у час пасьлявыбарчых баталій хто з кандыдадатаў будзе посьціць цікавую інфармацыю. Хаця тое малаімаверна.
За недастатковую ўвагу кандыдатаў да сацыяльных сетак гэты варыянт маніторынгу выбрачых падзеяў ставім на шостае месца.
7. Афіцыйны сайт інфармацыйнага цэнтру Цэнтральнай выбарчай камісіі
Прэзэнтаваны за два дні да выбараў, сайт не вылучаецца вялікай інфарматыўнасьцю. Мабыць, уначы на 20 сьнежня на ім зьявяцца афіцыйныя вынікі галасаваньня. А пакуль там афіцыёзныя навіны ад БелТА ды партрэты 10 кандыдатаў з разьвешанай на кожным участку анкетнай інфармацыяй пра іх.
За неінфарматыўнасьць і афіцыёз апошняе месца рэйтынгу.