Зафрэндзі кандыдата

Нягледзячы на адносную лібэральнасьць сёлетняй выбарчай кампаніі, для дзевяці з дзесяці кандыдатаў умовы традыцыйна ня казачныя. Альтэрнатыўныя прэтэндэнты надзейна могуць карыстацца толькі альтэрнатыўнымі шляхамі доступу да электарату. 

http://generation.by/mediashare/um/vjrbj4yfpfvw0ome8zxa4p1hzcq0qw-org.jpg
Фотажаба 2006 году.

Пяць гадоў таму ў Livejournal вялікім посьпехам карысталася «фотажаба» пра палітыкаў на сэмінары, дзе вучаць, як зрабіцца папулярным у ЖЖ. Пасьля перамогі Барака Абамы ў ЗША сэмінары па ракрутцы ў сацыяльных сетках наведалі, падаецца, і апазыцыйныя палітыкі, і ўлады. Кандыдаты фрэндзяць, посьцяць, твіцяць ды ўсяляк інакш прабіваюцца да «лайкаў» электарату.

Generation.bY склаў своеасаблівы рэйтынг актыўнасьці дэмакратычных кандыдатаў сярод двух з паловай мільёнаў беларусаў у Vkontakte і амаль двухсот тысячаў у Facebook.

1. Уладзімір Някляеў і Андрэй Саньнікаў

«Прамаскоўскі» тандэм і ў нашым гіт-парадзе ідзе поруч. Гэтыя два кандыдаты напоўніцу выкарыстоўваюць магчымасьці сацыяльных сетак.

Fасеbook

«Шлях у мільён клікаў пачынаецца з аднаго», — заахвочвае клікаць на сваю выяву Ўладзімір Някляеў. Андрэй Саньнікаў больш ляканічны і традыцыйны: «Разам мы пераможам». Сыстэма абвестак Facebook з аднолькавай пэрыядычнасьцю прапаноўвае патэнцыйнаму выбаршчыку абодвух палітыкаў. Рэкляма іншых у гэтай сетцы адсутнічае, то бок шукайце самі, калі трэба.

На старонках тандэма прысутнічаюць усе неабходныя агітацыйныя складнікі — ад праграмы да фотаздымкаў з працоўных будняў. Інфармацыя апэратыўна абнаўляецца: на сьцяне прафайлу ад асобы кандыдата зьмяшчаюцца паведамленьні кшталту: «Сёньня сустракаюся з выбаршчыкамі на Камароўскім рынку» ці «…Пракопаў… Зь ім ня тое што дэбатаваць, — стаяць побач не жадаю». Электарат у адказ ухвальна цісьне на знакамітую фэйсбукаўскую кнопку «Like».

Сярод экзатычных наватвораў піяр-агентаў кандыдатаў — удзел выбаршчыкаў у агіт-крэатыве. Так, аўтар лепшай тыднёвай крычэлкі для пікету Някляева зможа павячэраць з паэтам. Саньнікаў заклікае рабіць улёткі самім, праўда без рандэву з пераможцам.

Заўзятараў Андрэя Саньнікава ў фэйсбуку на сёньня амаль 5 000. Старонку лідэра кампаніі «Гавары праўду» ўпадабалі болей 3 600 карыстальнікаў.

Укантакце

Абодва пасьпяхова засвоілі і самую папулярную ў Беларусі сацыяльную сетку. Андрэй Саньнікаў наагул абзавёўся некалькімі суполкамі, у асноўнай болей васьмі тысяч чалавек. Суполку Някляева тут падтрымалі болей трох тысяч чалавек.

Асаблівасьць агітацыі Укантакце — у меншай інфарматыўнасьці, затое гэта някепская дыскусійная пляцоўка. У створаных на старонцы абмеркаваньнях электарат горача спрачаецца пра Плошчу і дзяржаўную сымболіку.

2. Яраслаў Раманчук

Facebook

«Выступил. Понравилось?:)» — па-свойску пытае на сьцяне свайго профілю пра свой першы тэлевізійны выступ Яраслаў. Ён мае дзьве старонкі. Адну можа прысябраваць, другую ўпадабаць. Першая — гэта профіль прыватнай асобы, другая — палітыка. На абедзьвюх няма праграмы, а ў пункце біяграфія — сьціплае паведамленьне: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі і кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь.
На сьцяне Раманчука-палітыка інфармацыя даўно не абнаўляецца. Ёсьць толькі тры навіны, апошняя датуецца шостым верасьня.

Укантакце

Відаць, што ўсе свае сілы ініцыятыўная група Раманчука накіравала ў гэтую сацыяльную сетку. У суполцы кандыдата болей 11 000 чалавек. Там зьмешчаны асноўныя тэзісы праграмы, спасылка на падрабязную біяграфію, відэа і дзесяць альбомаў з фотаздымкамі. Сярод найноўшых вынаходніцтваў для Беларусі — sms-рассылка, праз якую можна даведацца апошнія навіны з перадвыбарчага жыцьця Яраслава, графік паездак.

Таксама ў актыў эканаміста можна аднесьці «Рух будучыні» — той самы, што мітынгаваў дзесятага чэрвеня разам з нацболамі і праваабарончым праектам «GeyBelarus» супраць рэзананснага ўказу № 60. Цяпер недвухсэнсоўны аватар суполкі руху ўпрыгожваюць партрэты «прэзыдэнта будучыні» і прэзыдэнта дзейнага, адпаведна Раманчука і самі ведаеце каго, з подпісамі прагрэс і стабільнасьць. У суполку ўваходзяць ажно 200 000 чалавек, праўда першапачаткова яна не стваралася як пляцоўка для падтрымкі Раманчука, і далёка ня ўсе карыстальнікі рады гэткаму пераўтварэньню. Але электаральную перамогу ў самай папулярнай сацыяльнай сетцы Беларусі лібэральны кандыдат ўсё ж такі заслужыў.

Другое месца ў нашым рэйтынгу — праз грэблівае стаўленьне да Facebook.

3. Віталь Рымашэўскі і Алесь Міхалевіч

Facebook

Абодва кандыдаты досыць пасіўныя. На фоне яркай, нават крыху агрэсіўнай, піяр-кампаніі Саньнікава і Някляева выглядаюць вельмі блякла. Складаецца ўражаньне, што яны проста абазначылі сваю прысутнасьць у сацыяльных сетках.

Віталь абмежаваўся профілем прыватнай асобы зь біяграфіяй і некалькімі фотаздымкамі. Так, ёсьць апэратыўнае абнаўленьне перадвыбарчага кантэнту на сьцяне, але яно кампэнсуецца слабой увагай электарату.

У Міхалевіча створана старонка палітыка з падтрымкай у некалькі сотняў чалавек. Аднак, як і ў Рымашэўскага, адваротнай сувязі з аўдыторыяй няма.

Укантакце

Прэтэндэнты маюць па адной суполцы, сумарная колькасьць карыстальнікаў не перавышае тысячы. Відавочна, што яны былі створаны ня так даўно.

На старонцы кандыдата ад БХД няма нічога акрамя спасылкі-гмаху на іншыя інтэрнэт-рэсурсы. У абмеркаваньнях па адным паведамленьні — да прыкладу, у суполцы Саньнікава даходзіла да васьміста. Кепская актыўнасьць выбаршчыкаў і ў Алеся Міхалевіча.


Апошнія чацьвёра кандыдатаў палічылі, пэўна, што сацыяльныя сеткі не зьяўляюцца сёньня годнай агітацыйнай пляцоўкай. Яны абмежаваліся традыцыйным расклейваньнем плякатаў і сустрэчамі з электаратам афлайн, у фармаце — актавая заля школы і ня больш за сто прысутных.

Рыгор Кастусёў падчас анлайн-канфэрэнцыі на сайце «Радыё свабода» паскардзіўся на недахоп часу на прасоўваньне ў інтэрнэце. Пры нашым татальным кантролі іншых крыніц інфармацыі, дзіўным падаецца факт ігнараваньня настолькі багатага сродку камунікацыі з грамадзтвам.

4. Рыгор Кастусёў

Аднак кандыдат ад партыі БНФ усё ж мае старонку ў Facebook з паўтысячай фрэндоў, таму аддамо яму суцяшальнае чацьвёртае месца. На ёй зьмешчаны некалькі фотаздымкаў і прынцыповая інфармацыя, што Рыгор Кастусёў — мужчына і народжаны 17 красавіка 1957 году.

5. Мікалай Статкевіч, Дзьмітрый Ус і Віктар Цярэшчанка

Аўтсайдэры нашага рэйтынгу не працуюць з выбаршчыкамі праз Facebook. Мікалай Статкевіч і Віктар Цярэшчанка маюць дзьве аморфныя суполкі Укантакце. Агульная колькасьць удзельнікаў не перавышае трохсот чалавек.

Мода на сацыяльныя сеткі ў палітыцы апанавала сьвет пасьля перамогі Барака Абамы на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Ня тое, каб дагэтуль імі не карысталіся, аднак менавіта кампанію Абамы называлі пераможнай, дзякуючы падтрымцы Інтэрнэту. Паліттэхнолягі стварылі вобраз кандыдата, які штодня посьціць у twitter. Ягоны акаўнт сабраў болей 2 мільёнаў фалоўэраў. Хіба што пазьней Абама прызнаўся, што «ніколі ў жыцьці не карыстаўся твітэрам».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0977 seconds.