Як «Вочы» у смартфонах беларусаў будуць збіраць парушэнні на выбарах

Група незалежных назіральнікаў распрацавала мабільную прыладу для зручнага збору інфармацыі ад выбарнікаў праз іх смартфоны. Аплет «Вочы» ў яскравай форме інфармуе пра выбарчыя правы і стварае мабільную платформу для перадачы інфармацыі пра парушэнні на выбарах незалежным назіральнікам.

Сабраная праз «Вочы» інфармацыя будзе публікавацца на сайце народнага маніторынгу за выбарчай кампаніяй electby.org, які вядомы ў Беларусі яшчэ з часу мінулых вялікіх палітычных кампаній. Electby.org быў распрацаваны групай беларускіх медыя-актывістаў у 2010 годзе на платформе Ushahidi, што выкарыстоўваецца для маніторынгу падзей у гарачых кропках планеты і стыхійных бедстваў.

Сёлетнія беларускія выбары пакуль нагадваюць хутчэй зацягнуты штыль пасля жахлівай рэпрэсіўнай буры, якой накрыла беларускую апазіцыю, незалежныя медыі і грамадскі сектар пасля 19 снежня 2010. Апошнія палітзняволеныя ў выніку той буры толькі-толькі вышлі на волю. І настрой прыхільнікаў перамен да працэсу прэзідэнцкіх выбараў гэтым разам асабліва скептычны. Повадаў для аптымізму не шмат, але заўжды карысна пабачыць на ўласныя вочы тое, што так шмат пішуць розныя групы незалежных назіральнікаў пра беларускія выбары.

Асноўная функцыя Electby.org – гэта збор паведамленняў пра выбарчую кампанію ад грамадзян і іх аўтаматычная візуалізацыя на мапе Беларусі. Кожнае паведамленне з’яўляецца ў выглядзе кропкі на інтэрактыўнай мапе і сістэматызуецца па катэгорыях. Дасылаць паведамленні можна па-беларуску ці па-руску: мова арыгінала будзе захаваная. Чым больш людзей пакіне свае сведчанні на Electby.org, тым больш поўнай будзе карціна выбарчай кампаніі і яе вынікаў.

Аплет «Вочы» створаны ў выніку супрацы адразу некалькіх незалежных ініцыятываў па назіранні за выбарамі: Electby, «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», «Права выбара», «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Спіс гэтых назваў не шмат гаворыць далёкаму ад тэмы чалавеку, але пры большым паглыбленні падвышае ўзровень даверу да прадукту праз аўтарытэт гэтых незалежных ініцыятываў, якія добра вядомыя экспертам.

Стваральнікі дадатку «Вочы» асабліва адзначаюць палітыку бяспекі:

Аплет не збірае асабістыя дадзеныя карыстальнікаў акрамя тых, што чалавек сам пазначае ў часе адпраўкі паведамлення. Кантакты не раскрываюцца і не перадаюцца трэцім асобам.

На ўсе тэхнічныя пытанні пра дэталі працы аўтары гатовыя адказаць праз мэйл vochy.app@gmail.com.

Рэліз аплету «Вочы» адбыўся 15 верасня. Пакуль існуе версія толькі для платформы Android і на Google Play ужо можна ўбачыць актыўную цікаўнасць да прадукту незалежных назіральнікаў.

Для тых, хто не мае дэвайсу з Android, але стаў сведкам парушэнняў на выбарах стваральнікі аплету «Вочы» прапануюць старыя правераныя метады: запоўніць адмысловую форму на ElectBy.org альбо напісаць на electbyorg@gmail.com.


Ягор Качын 23:00, 30.09.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0463 seconds.