ЭГУ пад ціскам трансфармацыі

Замест беларускага гімна тут сьпяваюць старажытны студэнцкі Гаўдэамус, а ячэйкі БРСМ прыгадваюць толькі як пудзіла зь мінулага. Будучы ці былы — беларускі ўнівэрсытэт, які мае афіцыйны статус «у выгнаньні», — Эўрапейскі гуманітарны ўжо шосты год набірае беларускіх студэнтаў для навучаньня ў Вільні. Зарэгістраваны ў Літве, цяпер унівэрсытэт спрабуе «трансфармавацца ў жыцьцяздольную структуру». Што можа атрымацца на выхадзе гэтай трансфармацыі, і якую будучую прадказваюць кіраўнікі ЭГУ гэтай, магчыма, самай унікальнай беларускай навучальнай установе?


«Вы выбралі зусім іншы ўнівэрсытэт, зусім іншую традыцыю, у параўнаньні з той, у якой вучацца студэнты зь Беларусі, — зьвяртаецца да першакурсьнікаў у вялікай залі аднаго з карпусоў унівэрсытэту імя Міхала Ромэра дэкан бакаляўрскай школы Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Рыгор Мінянкоў. — І галоўнае, — працягвае ён, — што б мы хацелі вам даць, — гэта падрыхтаваць да жыцьця, у якім невядома, як жыць».

Як далей складзецца жыцьцё, ня ведаюць ня толькі студэнты, але й выкладчыкі ўнівэрсытэту. У ЭГУ няма ўласнага будынку, таму студэнты дзеляць зь літоўскімі студэнтамі корпус на ўскрайку Вільні, які належыць унівэрсытэту Ромэра. На цырымоніі вітаньня першакурсьнікаў, ужо шостага набору бакаляўраў у выгнаньні, прысутнічае малады, быццам той студэнт, дактарант і былы лектар унівэрсытэту Ромэра — міністар юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шымашус.


Ён абаяльна ўсьміхаецца і па-ангельску запэўнівае выкладчыкаў і студэнтаў ЭГУ ў тым, што Літва і надалей будзе падтрымліваць зачынены ў Беларусі ў 2004 годзе ўнівэрсытэт.

«Я ня ведаю, якая будзе стратэгія ў выпадку магчымасьці вяртаньня ў Беларусь, але калі ўнівэрсытэт будзе мець магчымасьць застацца ў Менску, мы будзем вельмі радыя, — кажа спадар Шымашус. — Я б хацеў, каб унівэрсытэт заўжды меў магчымасьць знаходзіцца ці ў Менску, ці ў Вільні».

Прарэктар ЭГУ па акадэмічных пытаньнях, прафэсар Аляксандр Калбаска, які вядзе цырымонію, уважліва слухае словы міністра. Ад Літвы, як аднаго з буйнейшых донараў ЭГУ, залежыць далейшы лёс унівэрсытэту. Нягледзячы на тое, што амаль усе студэнты тут плацяць за адукацыю, іх грошы пакрываюць толькі 17% штогадовага бюджэту. І далей гэтая доля наўрад ці будзе павялічаная.

Дыплём за тры з паловай гады

«ЭГУ мусіць быць «вядомым і прывабным», — кажа Аляксандр Калбаска. Але прывабныя пакуль ня ўсе спэцыяльнасьці. Ахвотней за ўсё студэнты ідуць вучыцца на візуальны дызайн, міжнароднае права і турызм. А вось такія іміджавыя спэцыяльнасьці, як паліталёгія ці філязофія, бывае, застаюцца без студэнтаў. Таму на гэтых дысцыплінах унівэрсытэт шмат не заробіць, хаця рэктар і называе іх «вельмі і вельмі патрэбнай справай».

«Бацькі баяцца, што дзеці-палітолягі ня знойдуць працу ў Беларусі», — тлумачыць спадар Калбаска.

Таму ў ЭГУ шукаюць шляхі зьмяншэньня выдаткаў. Адзін з магчымых — скараціць працягласьць навучэньня ў бакаляўрыяце да трох з паловаю гадоў замест цяперашніх чатырох. Магістратуру могуць таксама скараціць на паўгода. Для магістрантаў «сур’ёзным выклікам» стала патрабаваньне плаціць за адукацыю. «А першыя магістранты ЭГУ нават атрымлівалі бясплатную вячэру ад унівэрсытэту дзякуючы спонсарскім грошам», — прыгадвае прарэктар сярэдзіну 2000-х.

Але цяпер спонсарскіх грошай паменела, і дэкан магістарскай школы Ала Сакалова раіць студэнтам магістратуры «ўладкоўвацца, напрыклад, мыйшчыкамі посуду» на час двухгадовага платнага навучаньня. Па яе словах, выпускнікі магістратуры могуць прысьвяціць сябе навуцы, альбо стаць «выдатнейшымі практыкамі» і «спрыяць зьмене рэжыму».

З рэжымам у кіраўніцтва ЭГУ рахункі асабістыя. Нават праз 5 гадоў пасьля выгнаньня ў голасе рэктара ўнівэрсытэту, акадэміка Акадэміі навук Беларусі і кавалера Камандорскага крыжа «За заслугі перад Літвой» Анатоля Міхайлава гучыць крыўда, калі той кажа пра гісторыю закрыцьця ЭГУ у Менску і яго перасяленьне ў Вільню.


«З намі абышліся больш чым сурова. З намі абышліся брутальна. І сам факт аднаўленьня ўнівэрсытэту ў гэтай прыязнай краіне зьяўляецца свайго роду цудам».

Тады, у 2004, па словах спадара Калбаскі, улады патрабавалі ад унівэрсытэту «здаць Міхайлава». Але былога загадчыка катэдры гісторыі філязофіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і аднаго з заснавальнікаў ЭГУ ніхто «здаваць» не зьбіраўся. Толькі праз два гады пасьля закрыцьця ўнівэрсытэту, ён аднавіў набор студэнтаў, на гэты раз у Літве.

Разам са зьменай месцазнаходжаньня зьмяніўся і статус ЭГУ. Шматлікія дзяржавы і фінансавыя фонды даюць ЭГУ грошы як «беларускаму ўнівэрсытэту ў выгнаньні», але дыплём выпускнікі атрымліваюць усё ж літоўскі. Пытаньні аб «беларускасьці» ўнівэрсытэту ўзьнікаюць кожны год. Сам Міхайлаў называе праект ЭГУ «вельмі істотным для аднаўленьня нашай краіны» і «вельмі драматычным, але цікавым экспэрымэнтам».

«Наш унівэрсытэт знаходзіцца на тым этапе разьвіцьця, калі нас чакаюць працэсы вельмі інтэнсіўнай працы пасьля пэрыяду рэгістрацыі трансфармацыі ў жыцьцяздольную эфэктыўную структуру, якая пазначыць ролю ўнівэрсытэту як унівэрсытэту беларускага, але распазнавальнага ў Эўропе», — кажа спадар Міхайлаў.


Беларусь у Балоньскім працэсе — «імітацыя»

Адна з праблем, з-за якой кіраўніцтва ЭГУ лічыць вяртаньне ўнівэрсытэта ў Беларусь немагчымым — нежаданьне беларускіх уладаў далучацца да Балоньскай прасторы, якая ўніфікуе і аб’ядноўвае вышэйшую адукацыю эўрапейскіх краін да самага Казахстану. Сам ЭГУ яшчэ ў Менску спрабаваў інтэгравацца ў эўрапейскую сыстэму вышэйшай адукацыі, але тады гэтага не атрымалася. Затое атрымліваецца ў Літве: гэта дзяржава, як і ўсе эўрапейскія, акрамя Беларусі, Балоньскую дэклярацыю падпісалі.

Нядаўна міністар адукацыі Радзькоў усё ж абвясьціў аб тым, што Беларусь далучыца да сыстэмы, магчыма нават да 2012 году. Але на пэрспэктывы ўступленьня Беларусі ў Балоньскі працэс у ЭГУ глядзяць, мякка кажучы скептычна:

«Пакуль гучаць толькі дэклярацыі, а ў сыстэме адукацыі адбываюцца толькі пэўныя імітацыі, якія выдаюцца за Балоньскі працэс. Але сутнасна нічога не мяняецца», — кажа прарэктар Калбаска.

«Калі сур’ёзныя дзядзькі, што будуць разглядаюць заяўку [Беларусі на далучэньне да Балоньская сыстэмы] ня ўбачаць, што гэта пыл у вочы — беларуская сыстэма ня зьменіцца».

«Балоньскі працэс — імітацыя дзейнасьці дзеля палітычных прычын», — падводзіць рысу прарэктар.

На думку Аляксандра Калбаскі, для далучэньня да Балоньскага працэсу Беларусі спатрэбіцца новых 15 гадоў адукацыйных рэформаў.


«Тут я лічу сябе часовым»

«Наш унівэрсытэт быў лідэрам у разьвіцьці адукацыі ў Беларусі. Але пры вяртаньні ў Беларусь мы можам проста загубіць тое, што тут нарыхтавана. Гэта цьвяроза і разумна, не губляць напрацаваныя сувязі і кадры яшчэ раз. Тым больш унівэрсытэт мае эўрапейскую рэгістрацыю».

Але, нягледзячы на эўрапейскую рэгістрацыю, ЭГУ ня стаў паўнавартасным літоўскім ВНУ. Спадар Калбаска кажа, што адчувае сябе чужынцам у Літве. Тры разы ён браўся за навучаньне літоўскай, але кожны раз прайграў у спаборніцтве з гэтай даволі цяжкай мовай.

«Каб я ня верыў, што ЭГУ вернецца, я б ня ехаў сёньня ў Беларусь і не будаваў плот у Заслаўі», — кажа прарэктар пра сваю хату ў родным Заслаўі, пачынаючы дзяліцца сакрэтамі таго, як зрабіць перасячэньне беларуска-літоўскай мяжы больш хуткім: «Што зробіш, езьдзіць прыходзіцца часта».

Тая сотня дзяўчат і хлопцаў, што ва ўрачыстай вопратцы слухаюць прамовы гасьцей вітальнай цырымоніі, бясспрэчна таксама вераць у ЭГУ. Але кожны па-свойму. Нехта чакае ад унівэрсытэту «нетрывіяльнага падыходу да адукацыі», а нехта — пуцёўку «ў Эўропу». Дарэчы, толькі кожны другі выпускнік бакаляўрыяту, па словах прарэктара Ірэны Вайшвілайте, вяртаецца ў Беларусь. Яшчэ 10% знаходзяць фінансаваньне для працягу навучаньня ў замежных унівэрсытэтах, а трэцяя частка бакаляўраў вырашаюць працягнуць навучаньне ў магістратуры ЭГУ.

Набор гэтага году — амаль паўтысячы чалавек — панёс страты яшчэ да пачатку навучаньня. З-за адмены адтэрміноўкі ад войска для завочнікаў некаторыя хлопцы, што паступілі ЭГУ (навучальны працэс тут пачынаецца на месяц пазьней беларускага) мусяць адправіцца ў войска. Магчыма, па вяртаньні зь яго, хлопцы змогуць аднавіцца ўжо ў менскае ЭГУ.

Магістры — тут, бакаляўры — у Менску

«Як толькі будуць створаныя нармальныя ўмовы ЭГУ у тым ці іншым выглядзе туды [у Беларусь] вернецца. Найлепшай формай у такім выпадку было б суіснаваньне літоўскай і беларускай часткі ЭГУ», — раскрывае пляны прарэктар Калбаска.

Пры такой схеме, тлумачыць ён, бакаляўры маглі б навучацца ў Беларусі, пакуль гэта патрабуе больш выдаткаў, а магістры ці PhD — у Вільні. «Галоўнае для вяртаньня ў Беларусь — гарантыі акадэмічныя, а не палітычныя», — падкрэсьлівае Аляксандр Калбаска.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.