Калі ўсіх студэнтаў БДУ забясьпечаць жытлом?

Толькі 60% адсоткаў студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту з тых, якім патрабуецца жытло, атрымалі сёлета месца ў інтэрнаце. Прычым замежным студэнтам засяліцца ў інтэрнат значна прасцей. Чаму БДУ болей клапаціцца пра замежнікаў, і калі ўсе беларускія навучэнцы ўнівэрсытэту нарэшце атрымаюць жытло?

Па словах дырэктара студэнцкага гарадка БДУ Міхаіла Чарапеньнікава, 4 з 5 замежнікаў жывуць у бдушных інтэрнатах. А вось беларускіх студэнтаў, асабліва старшакурсьнікаў, засяляюць у другую чаргу.

Як піша Звязда, так адбываецца з-за асаблівасьцяў беларускага заканадаўства. Беларускім студэнтам зь іншых гарадоў дастаткова зарэгістравацца па адрэсе галоўнага корпусу, а вось з замежнікамі так не атрымаецца: нязьменная з савецкіх часоў, сыстэма рэгістрацыі патрабуе рабіць гэта менавіта па месцы жыхарства, што цяжка, калі студэнт, напрыклад зь Сірыі, здымае пакой у якой беларускай бабулькі.

Яшчэ адна праблема для замежнікаў у Беларусі — бясьпека, а таксама мова. Але чым старэйшы курс, тым менш студэнтаў зь іншых краін жывуць па інтэрнатах. Хаця замежныя студэнты больш выгодныя ўнівэрсытэту: яны плацяць за жытло болей, недзе на 60 тысячаў у месяц, у залежнасьці ад сэзону.

«Сьвядомай пазыцыяй унівэрсытэту» спадар Чарапеньнікаў называе імкненьне забясьпечыць жытлом у першую чаргу першакурсьнікаў (у інтэрнатах БДУ пражывае 67 адсоткаў студэнтаў першага курса). «Менш забясьпечаны жыльлём 5 курс».

«Тым ня менш зразумела, што студэнты, якія маюць ільготы, на якім бы курсе яны ні былі, усё роўна будуць заселеныя», — кажа дырэктар студгарадку.


Адзіны, пакуль, інтэрнат у студэнцкай вёсцы. Фота ОНТ

Але калі вы не «чарнобылец», не паходзіце са шматдзетнай сям’і і не зьяўляецеся ляўрэатамі прэзыдэнцкага фонду, каб атрымаць месца ў пакоі аднаго з 8 інтэрнатаў БДУ, варта папрацаваць у будатрадзе, ці хаця б падвысіць навучальны бал: «звычайна, каб прэтэндаваць на месца, трэба мець на паўтара бала вышэй за агульную факультэцкую пасьпяховасьць», — лічыць дырэктар студгарадку.

А пакуль ідэя забясьпечыць усіх студэнтаў жытлом застаецца толькі «марай». БДУ хоць і будуе інтэрнаты ў студэнцкай вёсцы (адзін узьведзены ў гэтым годзе), але працэс гэты доўгі, і да таго ж затратны. Асноўны цяжар па фінансаваньні будаўніцтва студэнцкай вёскі перакладзены на рэспубліканскі бюджэт, а сканчэньне будаўніцтва адкладзенае да 2012 году.

Па дадзеных рыэлтараў, на жнівень 2010 самы танны пакой для студэнта ў Менску каштаваў $100

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0567 seconds.