Нямецкі аўтаканцэрн прыдумаў сацсетку для аўтаспыншчыкаў

Аўтаканцэрн Daimler абвясьціў аб запуску сацыяльнай сеткі, прызначанай для сустрэч і сумесных паездак аўтаспышчыкаў і аўтамабілістаў. Акрамя звыклых для профілю ў сацсетках фотак і сьпісу любімых фільмаў на сайце маецца магчымасьць пошуку спадарожнікаў у рэальным часе праз смартфон альбо ПК. Карпарацыя рэкамэндуе платны праезд.


Фота Ales Bezuher

Паднятую руку з адтапыраным пальцам нямецкая кампанія прапануе замяніць сацыяльнай сеткай і адмысловым праграмным забесьпячэньнем. Для гэтых мэтаў і прызначаны праект car2gether, які на думку Daimler мусіць прадэманстраваць, як можна дамагчыся незалежнай мабільнасьці без уласнага аўто.

Галоўная фішка ў тым, каб дазволіць спыншчыкам перасоўвацца безь вялікіх перапынкаў, інфармуючы патэнцыйных спадарожнікаў аб сваёй прысутнасьці ў тым ці іншым раёне з дапамогай смартфону і адмысловага праграмнага забесьпячэньня.

Аўтаспыншчыкі і ўладальнікі аўто ствараюць профілі на сайце car2gether, дадаюць здымкі і інфармацыю ў профіль. З пачаткам падарожжа праграма, якую можна спампаваць з сайта, як бы стыкуе аўтаспыншчыкаў і кіроўцаў, пасьля чаго яны працягваюць падарожжа разам.

У традыцыях нямецкага аўтаспыну Daimler прапануе ўвесьці плату за кожную хвіліну сумеснага падарожжа — 9.5 эўрацэнта за хвіліну. Такі від «інтэрнэт-аўтаспыну», калі праз адмысловыя сайты спадарожнікі знаходзяць адзін аднаго, вельмі папулярны ў нямецкай моладзі. Гэты від вандровак хоць і застаецца платным, але ўсё ж абыходзіцца таньней, чым перасоўваньне дарагім грамадзкім транспартам Нямеччыны.

Запуск car2gether заплянаваны на 18 верасьня ў нямецкім Ульме — студэнцкім горадзе на поўдні Нямеччыны. На сайце ўжо зьявіліся першыя прапановы ад кіроўцаў падвезьці спыншчыкаў. Апошніх, аднак, пакуль ня так шмат.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.