Шарапава шукае лепшых студэнтаў
Абітурыенты БДУ і БДАМ могуць прэтэндаваць на стыпэндыі Фонду Марыі Шарапавай, другі конкурс на атрыманьне якой абвешчаны на гэтым тыдні. Стыпэндыя арыентаваная на выхадцаў з Чарнобыльскай зоны. Яе памер — $3 500 штогод.
Першая ляўрэатка стыпэндыі Сьвятлана Вараб'ёва. Яна вывучае дызайн у БДУ. Фота СТВ
Стыпэндыя заснаваная Фондам знакамітай беларускай тэнісісткі Марыі Шарапавай у 2008 годзе сумесна з Праграмай разьвіцьця ААН. Штогод тром лепшым студэнтам першага курсу Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту мастацтваў, а таксама першакурсьнікам спэцыяльнасьці дызайн Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту будзе выплочвацца $3500. Гэтага, на думку прадстаўнікоў Фонду, мусіць хапіць для падтрыманьня найбольш таленавітых студэнтаў Беларусі на час атрыманьня адукацыі.
На стыпэндыю могуць прэтэндаваць усе першакурсьнікі спэцыяльнасьці дызайн БДУ і першакурсьнікі любога факультэту БДАМ, якія ня меней як 10 гадоў пражылі ў раёнах, найбольш пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, альбо маюць статус асобы, пацярпелай ад гэтай катастрофы. Таксама прэтэндэнты мусяць мець высокі бал атэстату і займацца грамадзкай дзейнасьцю. Рашэньне аб наданьні стыпэндыяй прымае прыёмная камісія ВНУ.
Першыя ляўрэаткі прэміі сустрэліся з Марыяй Шарапавай на Гомельшчыне. Фота ПРААН
У мінулым годзе тры студэнткі БДУ і БДАМ сталі ляўрэаткамі стыпэндыі Шарапавай. Аналяг гэтай стыпэндыі ў Беларусі адсутнічае.
Падразбязьней пра ўмовы атрыманьня стыпэндыі глядзіце тут: БДУ, БДАМ.