Брытанскі Вудсток адзначыў 40-годзьдзе
Фэстываль Glastonbury, які называюць буйнейшым у сьвеце, адзначыў на мінулым уікэндзе саракагадовы юбілей. У гэтым годзе фэст зьведаў азеляненьне і наплыў публікі, параўнальнай па колькасьць з насельніцтвам сярэдняга беларускага гораду.
Photo boston.com
Упершыню фэст адбыўся ў 1970 годзе недалёка ад ангельскага гарадка Гластанбэры на фэрме Майкла Івіса. У наступным годзе фэстываль пад назовам «Базар Glastonbury» сабраў неймаверную колькасьць хіпі, якія і зладзілі там аголены танцы ў ноч на Івана Купалу.
Але першы фэст зацікавіў толькі 1.5 тысячы чалавек. Цяпер квіткі на Glastonbury традыцыйна раскупаюцца за некалькі месяцаў да фэсту, калі яшчэ не вядомы нават дакладны склад гуртоў. У гэтым годзе арганізатары чакалі прыезду 177 тысячаў чалавек — гэта параўнальна з насельніцтвам Баранавічаў.
Сёлетні «Брытанскі Вудсток» меў даволі клясычную праграму. На легендарную сцэну «Піраміда», узьведзеную яшчэ ў 1971, выйшлі Pet Shop Boys, Shakira, Muse. Фэст дапоўнілі некалькі вэтэранаў рок-музыцы: Стыві Ўандэр, Florence And The Machine, The Strokes.
Не абмінулі Glastonbury апошнія трэнды: арганізатары разам з брытанскімі навукоўцамі заняліся яго азеляненьнем, выкапалі гіганцкі рэзэрвуар для пітнай вады, паставілі 40 тысячаў адмысловых бакаў для сьмецьця і выпусьцілі з раніцы пасьля першага дню фэсту амаль тысячу зборшчыкаў сьмецьця.
Photo boston.com
Таксама на Гластанбэры былі прэзэнтаваныя ўнікальныя боты ад кампаніі Orange, якія дазваляюць падсілкоўваць мабільнік. Прынцып просты: чым цяплейшыя вашы ногі, тым больш энэргіі атрымлівае акумулятар мабільніка. Каля 12 гадзін хадзьбы хапае на гадзіну размовы. А для лепшага эфэкту распрацоўшчыкі раюць адпраўляцца на танцпляцоўку.
Яшчэ 40 крутых здымкаў з 40-годзьдзя фэсту на boston.com