Што беларусу рабіць на Be2gether?

«Разам» можна рабіць шмат рэчаў. У тым, як на фэстывалі Be2gether разам слухаюць, камунікуюць, кахаюцца і жывуць беларусы і літоўцы, разьбіраўся Алесь Герасіменка.


Новая нацыянальная забава беларусаў: набыць квіток на фэстываль Be2gether, бясплатна атрымаць літоўскую візу і адправіцца піць каву на правым беразе Віслы ў Варшаве альбо загараць на халодным беразе Балтыкі ў Паланзе. Справа ў тым, што шэнгенская віза, якая ідзе ў камплекце з квітком, каштуе заведама болей, чым двухдзённы квіток на праслухоўваньне пад адкрытым небам хэдлайнэраў фэсту: ізатэрычных магаў Empire of the Sun і гутаперчавых афраамэрыканцаў Roots Manuva. У выніку ў ранішнім цягніку Менск-Вільня, усе танныя месцы на які нязвыкла скупленыя яшчэ за тыдзень да адпраўленьня, ашчасьліўленыя візамі беларусы абмяркоўваць ня мэтады пазбаўленьня ад вільгаці ў намёце на фэсьце, а сонечныя крэмы ды бальзамы, што могуць выратаваць іх аблашчаную офісным сьвятлом скуру ад залішняга ўзьдзеяньня ўльтрафіялету.

Да фэсту дабіраюцца беларускія адзінкі: напэўна, самыя праведныя мэляманы ды нешматлікія ўладальнікі шматразовага шэнгену, якія на шопінг у Варшаву і іншым разам выбрацца могуць. І адразу на ўваходзе на фэст іх праведнасьць узнагароджваецца шматкроць праз халяўныя цішоткі, флэшкі на 2 Гб (!) ад архішчодрых беларусаў ды гематагены ад літоўцаў.

Speak Together

Наступны прыпынак — сустрэча з двухмэтровым грамілай з аховы фэсту, які замест звыклага «куды прэш?» сарамліва запытваецца «Can I help you?» Некалькі сэкундаў зьбянтэжанасьці зьмяняюцца разуменьнем: хоць Беларусь вось тут ужо, амаль, у 300 мэтрах, але мову тваю разумеюць зь цяжкасьцю, а адказаць увогуле ня могуць. Некалькі соцень валянтэраў фэсту, пераважна літоўскія школьнікі апошніх клясаў, расейскую амаль ня ведаюць, а размаўляць на ёй увогуле баяцца: «Do you speak English?»


Моўны бар’ер не дазваляе ў супольным парыве шчасьця яднацца ў інтэрнацыянальныя групы беларусаў і літоўцаў: кожныя самі па сабе ходзяць паміж дзьвюма вялізнымі галоўнымі сцэнамі і дзесяткам дробных шатроў з клюбнай і рокавай музыкай. Беларускія групы гледачоў у меншасьці, затое ўсе яны могуць нарэшце сустрэцца на выступах некалькіх нашых хэдлайнэраў.


Тут і старамодны Лявон Вольскі, які ў час гадзіннага выступу беспасьпяхова падбірае назву для свайго старога-новага гурту, у якім нешта жыве ад Крамбамбулі, нешта ад рокавых 90-х, нешта ад шансону 2000-х. І магілёўскія гітармэны Akute, у беларускае паходжаньне якіх літоўцы верыць адмаўляюцца. А яшчэ можна пазырыць на новы імідж Русі, якая нечакана выходзіць адкрываць фэст разам з Cherryvata, ці камбайнёрскую выпраўку беларускага амбасадара ў Літве, які разам зь літоўскім амбасадарам у Беларусі прыслухоўваецца да «Гасьцей» Лявона Вольскага.


На нашых працуе ідэалягічная дывэрсія арганізатараў, якія ў гэтым годзе адмовіліся пазначаць у праграме паходжаньне гурту, што дадаткова завяло на выступы нікому тут невядомых белзорак пару дзесяткаў літоўцаў.

Love Together

Любы фэст, асабліва такі вялікі, як Be2gether, — гэта яшчэ і няспыннае імкненьне задаволіць першасныя патрэбы. І калі ваша жыцьцёвае крэда не дазваляе пераносіць мярзотную жыжу, якая абавязкова выплюхнецца вам на ногі ў плястыкавых кабінках прыбіральняў, лепей трымаць азадак рукамі і бегчы ў накірунку ўтульнага замку міласьцівага патрыярху ўсёй дзеі Гедрыюса Клімкявічуса. У замку, які ў звычайны па-за фэставы час служыць яго лецішчам, маюцца ўнітазы і іншыя прыкметы цывілізаванага шчасьця.


Карысьць ад выступу аўстралійцаў Empire of the Sun, якія завяршаюць першы дзень фэсту, далёка не эстэтычная. У час іх шоў, якое ўражвае ня так моцна, як студыйныя запісы, ня трэба напружвацца і падбіраць словы, каб пазнаёміцца з клёвай літоўкай: усё роўна нічога не чуваць.


Затое на Be2gether ня трэба закідвацца кіслатой: для прыходу дастаткова дачакацца выступу пары-тройкі лепшых-зь-лепшых. Напрыклад, Skunk Anansie, вакалістка якіх ураганным выступам прымушае вылупіць вочы і шукаць любую магчымасьць тут і зараз аддацца ёй у рабства. У выпадку правалу ідэі з рабствам не застаецца нічога, як даслухаць яе выступ і проста легчы на зялёную траўку, каб сузіраць зоркі да таго моманту, пакуль касьмічная энэргія зноў не напоўніць стомленыя цягліцы для вяртаньня ў мір жывых: дзякуй, музыка тут не сьціхае да 5 раніцы.


Падмацаваўшы сілы самай смачнай у сьвеце кукурузай з пармэзанам можна адправіцца ў шацёр галерэі Ў, дзе літоўскі дыджэй у фартуху зь перапынкамі на гатаваньне аладак і бульбы будзе ставіць Beach Boys наперабой з Чакам Бэры. У літоўскага дыджэя наступныя выходныя пройдуць у гатаваньні аладак і музычных сэтаў у польскай Гдыні на Heineken Fest, дзе ўжо новыя партыі маладых эўрапейцаў будуць есьці кукурузу, аддавацца ў рабства Skunk Anansie і ляжаць на газоне да пяці раніцы, слухаючы мэлёдыі зорак.

Чытайце таксама рэпартаж з фэсту і глядзіце фота: 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0649 seconds.