Аўстралійская школьніца зьдзейсьніла кругасьветнае плаваньне

У 16-гадовай Джэсыкі Ўотсан атрымалася праплыць на яхце вакол зямнога шару за 7 месяцаў. Дзяўчына паставіла рэкорд, бо стала самым юным мараплаўцам, у якога атрымалася зьдзейсьніць адзіночную кругасьветку.


Аўстралійка Джэсыка Ўотсан была ў плаваньні 210 дзён. Фота з блогу Джэсыкі

Джэсыка адплыла зь Сыднэю ў кастрычніку мінулага году. За 210 дзён свайго трыпу, яна пераплыла Ціхі акіян, перасекла экватар і абагнула мыс Горн, па Атлянтычнаму акіяну даплыла да паўднёвай Афрыкі, і вярнулася дадому праз Індыйскі акіян.

На сыднэйскай прыстані ружовую яхту дзяўчыны сустракалі бацькі, губэрнатар штату Новы Паўднёвы Ўэльс і шматлікія прыхільнікі цяпер самай юнай скаральніцы трох акіянаў. У блогу, які вяла Джэсыка на працягу ўсёй вандроўкі, школьніца пакідала ўражаньні і здымкі таго, як прасоўвалася яе вандроўка:

«Крыху пужае, як хутка ляціць час і як моцна я выпала з паўсядзённага жыцьця па-за гэтай яхтай», — пісала Джэсыка у час, калі праплывала каля мысу Добрай надзеі.


Захад недалёка ад Тасманіі. Фота з блогу Джэсыкі

«Калі я перасякала Атлянтыку, памятаю, пералічвала рэчы, якіх мне тут не хапае. Але цяпер я хачу скласьці сьпіс таго, чаго мне ня будзе хапаць, калі пакіну гэту яхту. […] Я згублю штодзённыя выклікі, калі я адна прабівалася празь цемру, новыя ранкі і час, калі іх сустракала. Мне ня будзе хапаць хваляў і мора. Я ведаю, гэта цягнулася каля 7 месяцаў, але гэта ўсё яшчэ не надакучыла мне. Мне ня будзе хапаць альбатросаў, якія кружаць вакол мачты Ella’s Pink Lady [яхты Джэсыкі] і тых дзён, калі проста прычасацца — гэта была ўжо вялікая праблема».


10-мэтровыя хвалі ў Індыйскім акіяне. Фота з блогу Джэсыкі

Аўстралійскае выдавецтва ўжо анасавала кнігу Джэсыкі пад назовам 'True Spirit'.

Тым часам ужо ў пачатку лета іншая школьніца — 16-гадовай Эббі Сандэрлэндплянавала скончыць кругасьветку ў родным Лос-Анджэлесе. Але зь яе яхтай здарыліся тэхнічныя праблемы, і цяпер Эббі рамантуе яе ў паўднёваафрыканскім Кейптаўне. Яна ўсё яшчэ спадзяецца стаць наймаладзейшым чалавекам, які перасек зямны шар у адзіночным плаваньні на яхце.

У мінулым годзе спроба 13-гадовай галяндкі Лоры Дэкер абысьці вакол сьвету на яхце скончылася судом, які забараніў плаваньне з-за надта юнага ўзросту дзяўчыны. Тытул самага маладога яхтсмэна, які зьдзейсьніў кругасьветнае плаваньне, раней належыў 17-гадоваму школьніку зь Вялікабрытаніі Майку Пэраму.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1421 seconds.