«Ляпіс Трубяцкой» выпускае эўрапейскі альбом «Agitpop»

Дыск «Agitpop» выпусьціць у чэрвені нямецкі лэйбл Eastblock Music. У дыск увойдзе 18 песень з трох апошніх альбомаў гурта. Канцэртная прэзэнтацыя рэліза пройдзе ў чэрвені ў Бэрліне, адкуль гурт рушыць у эўрапейскі міні-тур. Беларускія гледачы маюць магчымасьць пазнаёміцца з дзьвюхгадзіннай праграмай першымі — 29 траўня ў межах рок-фэсту «Паляна» ў Сілічах.

Гурт «Ляпіс Трубяцкой» рыхтуецца да летніх гастроляў па Эўропе ў падтрымку свайго першага заходняга рэлізу — альбому «Agitpop». У дыск увайшло 18 песень з альбомаў «Капитал», «Манифест», «Культпросвет», а таксама два бонусы — рэміксы на песьню «Капитал» ад Ігара Ўдовіна і Noize MC.

17 чэрвеня «Ляпіс Трубяцкой» прэзэнтуе рэліз канцэртам у Бэрліне. Затым «Ляпісы» накіруюцца ў свой першы эўрапейскі міні-тур, выступіўшы ў другой палове чэрвеня ў Дрэздэне, Гамбургу і на адным з буйнейшых у Галяндыі оўпэн-эйраў Mundial. А ў жніўні гурт чакаюць у Вугоршчыне на галоўнай сцэне буйнейшага эўрапейскага фэсту Sziget.

«З творчасьцю гурта „Ляпіс Трубяцкой“ — аднаго з самых арыгінальных на постсавецкай прасторы — мы знаёмыя даўно. І вельмі радыя, што ўрэшце зможам прадставіць гэтую каманду заходняму слухачу, — кажа суўладальнік лэйбла Eastblock Music Армін Зыбэрт. — Самабытныя творы „Ляпісаў“ у спалучэньні зь іскрамётным канцэртным шоў, безумоўна, маюць вялізны патэнцыял за межамі Беларусі і Расеі, так што мы зь вялікім імпэтам пачынаем наша супрацоўніцтва».

Беларусы ж пачуюць «Ляпіс Трубяцкой» 29 траўня на фэстывалі «Паляна». Апроч «Ляпісаў» на фэсьце гледачоў чакае вялікі выступ знакамітага Сяргея Шнурава зь яго новым гуртом «Рубль». Перад імі на сцэну выйдуць беларускія гурты Unia і «Пару Рублей». Усяго гледачоў чакае больш за пяць гадзін жывога гуку. На месцы будзе арганізаваны продаж ежы і напояў.

Трапіць на фэстываль можна будзе на асабістым аўто-, мота-і роварным транспарце, а таксама на спэцыяльных аўтобусах. Больш падрабязна пра праграму, правілы і ўмовы фэстывалю чытайце на сайце www.plombir-tv.com. Пачатак а 17.00. Квіткі: танцпляц — 40 тыс (першыя 1000 шт.) і 50 тыс (астатнія), фан-зона — 60 тыс. Даведка: (029) 159 86 59, (017) 280 15 кас.

Паводле прэс-рэлізу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0806 seconds.