Казулін параўнаў беларускую адукацыю з казармай
Былы рэктар БДУ і кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Казулін лічыць, што беларуская адукацыя знаходзіцца на мяжы катастрофы, і ахарактарызаваць яе можна трыма словамі: казарма, камэрцыя і калектывізацыя.
Аляксандр Казулін 7 гадоў кіраваў БДУ. Фота Gazeta.by
Аляксандр Казулін, зьняты ў 2003 годзе з пасады рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, лічыць, што сыходзячы з накірунку адукацыйнага працэсу, Беларусь «знаходзіцца на мяжы катастрофы». Яго словы цытуе БелаПАН.
Па словах спадара Казуліна, «адукацыя камэрцыяналізаваная на дзяржаўным узроўні. Галоўным становіцца не яго якасьць, галоўнае — даць дыплём».
На яго думку, адмова ад
«Праблема ў тым, што сёньняшняй уладзе не патрэбныя думаючыя людзі, — заявіў Аляксандр Казулін. — Сучасную беларускую адукацыю можна ахарактарызаваць трыма словамі: казарма, камэрцыя і калектывізацыя».
Таксама былы кандыдат у прэзыдэнта спаслаўся на сацыялягічныя дасьледаваньні, паводле якіх больш за 70% маладых людзей зьбіраюцца зьехаць з краіны.
«Яны не адчуваюць сябе запатрабаванымі ў краіне», — пракамэнтаваў Аляксандр Казулін гэту лічбу.
Канкрэтная крыніца паходжаньня сацыялягічных дадзеных, прыведзеных Казулінам, не пазначаецца, але паводле дадзеных сацыялягічнай лябараторыяй «Новак», у 2009 г. 40% маладых людзей жадалі зьехаць зь Беларусі.
Нагадаем, што Аляксандр Казулін з 1996 па 2003 г. займаў пасаду рэктара БДУ, а некаторую частку гэтага тэрміну меў нават міністэрскі статус.
Заявы Казуліна былі зробленыя ім у час круглага стала «Праблемы адукацыі Беларусі». На ім прысутнічалі некаторыя незалежныя экспэрты ў гэтай і сумежных галінах: былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў, прафэсар Міхаіл Пастухоў, кіраўнік службы «Новак» Андрэй Вардамацкі, былы старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі, дырэктар ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас і іншыя.
На канфэрэнцыі, нягледзячы на запрашэньне, адсутнічалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, паведамляе сайт АГП.