Брэсцкі дзяржаўны ўнівэрсытэт набірае студэнтаў на спэцыяльнасьць «журналістыка»

Зь верасьня на філялягічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту пачнуць навучаць студэнтаў па новай спэцыяльнасьці — «журналістыка» (спэцыялізацыя «друкаваныя СМІ»). БрДУ стане шостай беларускай вышэйшай навучальнай установай, якая рыхтуе журналістаў.


БрДУ стане шостай беларускай вышэйшай навучальнай ўстановай, якая рыхтуе журналістаў. Фота abiturient.by

Падрыхтоўку будучых журналістаў у гэтай навучальнай установе зьбіраліся пачаць яшчэ ў 1990-х, паведаміла службе маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» дэкан філялягічнага факультэту Вольга Фелькіна. Але тады Міністэрства адукацыі Беларусі вярнула дакумэнты на дапрацоўку, спаслаўшыся, у прыватнасьці, на адсутнасьць адпаведных выкладчыцкіх кадраў.

Дазвол распачаць прыём студэнтаў на новую спэцыяльнасьць Брэсцкі ўнівэрсытэт атрымаў восеньню 2009 года. Сярод аргумэнтаў, якія паўплывалі на прыняцьце такога рашэньня, быў і той, што ў друкаваных СМІ брэсцкага рэгіёну (асабліва ў раённых газэтах) запатрабаваныя прафэсіяналы з журналісцкай адукацыяй. Між тым, выпускнікі Інстытуту журналістыкі БДУ пасьля заканчэньня вучобы неахвотна едуць на працу ў рэдакцыі ў Брэсцкай вобласьці.

Усім, хто жадае вучыцца на журналіста і патрапіць у абітурыенты, у красавіку трэба будзе прайсьці абавязковае прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе. Давядзецца вытрымаць і іншыя іспыты. Гэтак, паводле Вольгі Фелькінай, падчас творчага экзамэну адбіраць абітурыентаў будзе камісія, у склад якой увойдуць выкладчыкі моваў, літаратуразнаўцы, а таксама прадстаўнікі упраўленьня па ідэалёгіі аблвыканкаму і кіраўнікі мясцовых газэт.

Плянуецца, што ў 2010 годзе на спэцыяльнасьць «журналістыка» Брэсцкага ўнівэрсытэту залічыць па 25 чалавек на дзённую і завочную форму навучаньня.

Журналістаў таксама рыхтуе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, Інстытут журналістыкі БДУ, Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт, Гродненскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, а таксама недзяржаўны Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва.

Цяпер у Інстытуце журналістыкі БДУ навучаюцца 1427 студэнтаў. У мінулым годзе на першы курс Інстытуту былі прынятыя 335 чалавек (пры пляне набору 370). Сярэдні конкурс на журналісцкія спэцыяльнасьці ў апошнія 5 гадоў стабільна падаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.